40 год з дня адыходу ў Вечнасць ксяндза Чеслава Вільчынскага

О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату? Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн. Гэтымі словамі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч распачаў гамілію падчас святой імшы ў інтэнцыі 40 год пасля смерці ксяндза Чэслава Вільчынскага, якую ўзначаліў ў Браслаўскайсвятыні 23 жніўня. Ксендз-біскуп падкрэсліў, што словы святога апостала Паўла с Паслання да Рымлянаў можна ўзяць як эпіграф да нялегкага жыцця і служэння ксяндза Чеслава Вільчынскага.
Ксёндз Чэслаў Вільчынскі нарадзіўся 6 студзеня 1928 г. у вёсцы Адамішкі парафіі Плюсы на Віленшчыне (цяпер Віцкбская вобласць Браслаўскі раён) у каталіцкай і глыбока рэлігійнай сям’і.
Яго дзяцінства і маладосць былі цяжкімі. Другая сусветная вайна застала ў 13-ці гадовым узросце.
Чэслаў Вільчынскі быў высокага росту і выглядаў на больш сталага чалавека. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, нягледзячы на недастатковы прызыўны ўзрост, быў пакараны за ўхіленне ад службы ў войску. І толькі калі бацька дакументальна падцвердзіў узрост сына, яго вызвалілі.
У 1948 годзе, стаўшы дарослым, яго зноў прызвалі ў армію. У 1952 годзе Чэслаў вярнуўся дадому.
Пазнаўшы сваё святарскае пакліканне,вырашыў паступіць у Духоўную семінарыю ў Рызе. На той час гэта была адзіная семінарыя, якая прымала кандыдатаў з усяго СССР.
Для 24-гадовага маладога Чэслава, які ўжо прайшоў праз розныя жыццевыя выпрабаванні, пачаўся вельмі цяжкі шлях да святарства.
Не дастаткова было здаць ўступныя экзамены, але трэба было атрымаць дазвол ад свецкай улады на права вучыцца ў Духоўнай семінарыі. Такі дазвол ён атрымаў толькі ў 1955 годзе. Таму ўвесь гэты час ён працаваў станочнікам на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве – Камбінаце школьнай і дзіцячай мэблі, стараўся займацца адукацыяй самастойна. Яго настойлівы характар дапамог дасягнуць пастаўленай мэты. Сакрамэнт святарства Чэслаў прыняў у 1967 годзе з рук арцыбіскупа Юліяна Вайвадса.
Атрымаўшы сакрамэнт святарства, быў накіраваны на працу ў Браслаўскі касцёл, дзе і распачаў сваё служэнне 1 жніўня 1967 года. Чэслаў меў тады 39 гадоў, і ён быў першым пасля вайны святаром у Беларусі, які скончыў Рыжскую семінарыю і атрымаў святарскае пасвячэнне.
Нягледзячы на бурныя гады атэізацыі, старанна выконваў святарскія абавязкі: спавядаў, займаўся падрыхтоўкай да прыняцця святых сакрамэнтаў дзяцей, моладзі і дарослых. Ён не баяўся будучыні і верыў, што ва ўсім ёсць вышэйшы сэнс. Цярпліва зносіў крыўды і абразы. Яго вера была бачная ў паводзінах, у дабрыні да людзей і штодзённых учынках, а крыніцай асабістай духоўнасці была штодзённая малітва на ружанцы перад абразом Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі!
Жыццё ў пастаянным напружанні негатыўна адбілася на здароўі кс. Вільчынскага. Ён перажыў два інфаркты.
Памёр 24 жніўня 1986 года на 58-м годзе жыцця пасля трэцяга сардэчнага прыступу.
Пахаваны на цвінтары Браслаўскага касцёла.


Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑