Урачыстая святая Імша ў гонар Маці Божай Браслаўскай Валадаркі азёраў (2026 г.)

Маці Божая Валадарка азёраў вітала вернікаў і гасцей з усёў Беларусі.

22 жніўня ў Браславе ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў адбылася ўрачыстая святая Імша. 

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі літургію Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і шматлікія святары. Удзельнічалі ў святой Імшы і прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта Алена Міхайлаўна Бабінская і старшыня раённага савета дэпутаў Ніна Антонаўна Пучынская.

“Мы ідзём да Цябе, Твае дзеці,
Валадарка, на нас паглядзі.
З алтара ясны вобраз Твой свеціць,
Ты – апека для нашай зямлі” – словамі песні на вершы Тэрэзы Крумплеўскай Біскуп

Віцебскі Алег Буткевіч распачаў святую Імшу. 

Для жыхароў Браслаўшчыны Маці Божая Валадарка азёраў — гэта Апякунка краю, сем’яў і людзей, якія звяртаюцца да Яе з малітвай. Дэвіз сёлетняга свята: «Трываць з Марыяй – Славіць Бога – Будаваць Супакой». Як падкрэсліў у сваёй пропаведзі біскуп Алег Буткевіч “Тытул сённяшняй урачыстасці нагадвае нам пра ўласцівы выбар, які варта зрабіць у сваім жыцці – трываць з Марыяй, што азначае жыць па-Божаму, а праз гэта будаваць супакой у сваім сэрцы, у сваёй сям’і, а праз гэта – у нашай краіне і таксама ва ўсім свеце”. Біскуп запрасіў усіх задаць сабе пытанне: “Каму я больш давяраю Хрысту, Яго слову ці смоку (д’яблу)? і дадаў, што менавіта Марыя можа дапамагчы нам быць разважлівымі і рабіць правільны выбар.

Напрыканцы літургіі сваё слова прамовіў таксама Апостальскі Нунцый ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, між іншым ён сказаў: “Сёння я жадаю заахвоціць вас берагчы прыгажосць вашай хрысціянскай традыцыі, багатай вернасцю, трываласцю і яскравымі сведчаннямі. Выклікі нашага часу патрабуюць вернікаў здольнах несці суцяшэнне, будаваць масты, сеяць… Дазвольце, каб гэты санктуарый працягваў прамаўляць у цішыні вашага сэрца, клапаціцеся пра тое, каб вашае вера не заставалася толькі звычаем, але каб стала жыццём”. Апостальскі Нунцый перадаў усім прывітанні і бласлаўленне ад Святога Айца Льва XIV і сказаў, што папа моліцца за касцёл у Беларусі, каб ён і надалей быў знакам надзеі, вернасці і супакою.

У сваю чаргу старшыня Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта Алена Міхайлаўна Бабінская павіншавала ўсіх са святам і падкрэсліла ролю Каталіцкага Касцёла ў сацыяльным развіцці грамадства, у выхаванні моладзі і ў распаўсюджанні маральных і сямейных каштоўнасцяў. Спадарыня Алена Міхайлаўна таксама падзякавала святарам за іх працу і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма, якая сёння з’яўляецца кропкай прыцягнення турыстаў і паломнікаў.

На заканчэнне літургіі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч і кусташ Браслаўскай базылікі Станіслаў Мжыглуд падзякавалі ўсім прысутным за падрыхтоўку да свята, за прысутнасць, малітву і запрасілі на ўрачыстасці ў наступным годзе.

Для Браслаўшчыны гэта не проста рэлігійнае свята. Гэта час, калі вернікі збіраюцца разам у малітве, каб падзякаваць Маці Божай, папрасіць аб дапамозе і апецы, памаліцца за свае сем’і, родны край і Беларусь.


Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑