Каранацыя

У 11 гадзінаў дня 22 жніўня 2009 г. пад адкрытым небам на сцэне, выкананай у выглядзе карабля, размешчанай непасрэдна каля браслаўскага санктуарыя, распачалася цэнтральная святая Імша, падчас якой арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел 31 іерарх, каля 200 святароў і амаль 10 тысяч вернікаў. Прыбылі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, якія працуюць у Віцебскай вобласці.

На «караблі» падчас урачыстай літургіі знаходзіліся іерархі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, якія прыбылі на гэтае ўзнёслае мерапрыемства па запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. Непасрэдна каля алтара размяшчаўся сводны хор Віцебскай дыяцэзіі, які ўпрыгожваў супольную малітву спевам пад акампанемент аркестра.

На пляцоўцы перад спецыяльна змайстраваным алтаром сабраліся шматлікія вернікі Браслаўшчыны і з іншых куткоў Беларусі, а таксама замежныя госці. Вачамі, поўнымі замілавання і радасці, яны ўзіраліся ў абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў, які быў усталяваны на яхце перад алтаром.

У каментарах да літургіі прагучала цудоўнае тлумачэнне тых сімвалаў, якія былі выкарыстаны для падрыхтоўкі месца правядзення каранацыі. Карабель — гэта запрашэнне да падарожжа шляхамі Маці Божай, якой трэба толькі даверыцца, каб Яна прывяла кожнага з нас да жыцця вечнага ў доме Нашага Айца. Карабель, на якім адбывалася каранацыя, павінен нагадваць усім, хто апынаецца на возеры ці ў моры на судне, што Маці Божая заўсёды побач і можа ўратаваць ад усялякай бяды.

Літургію цэлебраваў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. Ён жа прамовіў гамілію па-нямецку, якая паралельна перакладалася на беларускую мову. Іерарх адзначыў, што «чалавек з’яўляецца вянцом, каронаю Божага стварэння. Карона, якой была ўвянчана Марыя, прызначана і нам, бо мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Мы не толькі Божыя стварэнні, але сёстры і браты Хрыста, а праз гэта — дзеці Божыя. (…) Мэта Марыі — гэта наша мэта, Яе шлях — наш шлях, таму сёння мы звяртаемся да Яе, усклікаючы: „Марыя, прымі нас як пілігрымаў, якія ідуць з Табою да Хрыста“.

Адразу пасля гаміліі адбыўся галоўны і найбольш чаканы момант усёй урачыстасці — каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Кардынал Ёахім Майснер усклаў карону спачатку на галаву Езуса, а затым Яго Маці — Марыі. Пасля гэтага перад абліччам укаранаванай Маці Божай біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў Акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў . У пранікнёнай просьбе іерарха ўрачыста гучала: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасцю».

Пасля гэтага замежныя іерархі, а таксама прадстаўнікі розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынеслі Марыі дары. А напрыканцы святой Імшы ў знак падзякі і пашаны прадстаўнікі браслаўскай парафіі, а пасля іх і іншыя вернікі скіравалі самыя добрыя словы ў адрас пробашча браслаўскай парафіі кс. Лешэка Вітвіцкага SDS, а таксама ўсіх тых, без удзелу каго не магло б адбыцца гэтае мерапрыемства.

У сваю чаргу, кс. Лешэк выказаў падзяку Пану Богу і яго Маці за тое, што гэтая ўрачыстасць адбылася. Узгадаў усіх, хто прычыніўся да арганізацыі гэтага свята. Ксёндз Лешэк прызнаўся, што вельмі ўзрадаваны тым, што так шмат людзей сабралася ў гэтыя дні ў Браславе, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай. Ён выказаў надзею, што з кожным годам колькасць вернікаў і пілігрымаў будзе павялічвацца.

Пасля ўдзялення благаслаўлення і завяршэння літургіі абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў ва ўрачыстай працэсіі быў перанесены ў браслаўскую святыню і змешчаны ў галоўным алтары.

Гісторыя Мадонны з вострава:

На пачатку XVI стагоддзя ў Браславе быў заснаваны праваслаўны манастыр, які пазней перанеслі на адзін з 15 астравоў возера Неспіш. У 1596 годзе манастыр далучыўся да ўніі з Рымам, а ў 1744 годзе быў уключаны ў спіс манастыроў, у якіх шануюцца цудадзейныя абразы. Такім чынам, ужо ў тыя часы абраз Маці Божай Браслаўскай быў вядомы як цудадзейны і адораны ласкай Божай. Велізарны натоўп вернікаў збіраўся на беразе, каб пабачыць абраз, які ў пэўныя дні выносілі з царквы…

Слава Мадонны з вострава на Неспішы пашыралася. Але 21 жніўня 1832 года ў манастыры здарыўся моцны пажар (ёсць меркаванне, што манастыр загарэўся ад маланкі). Усе манастырскія будынкі былі знішчаны агнём. Ацалеў толькі абраз! Паводле аднаго з паданняў, моцна абгарэлую ікону знайшлі на наступны дзень ужо на іншай выспе…

Так супала, што за шэсць гадоў да пажару пачалі будаваць новы касцёл у Браславе. Таму пасля таго, як святыня засталася без храма, было вырашана перанесці абраз ва ўжо амаль дабудаваны касцёл (будаўнічыя працы працягваліся да 40-х гадоў XIX стагоддзя). Але, калі верыць паданням, зрабіць гэта ўдалося не з першага раза. Ужо перанесены абраз нейкім цудоўным чынам вяртаўся на востраў (і так адбывалася неаднойчы!), дзе яму да гэтага прыносілі пашану некалькі стагоддзяў запар.

Як бачым, народныя легенды надзяляюць ікону цудадзейнаю моцаю. “На жаль, ніякіх дакументальных сведчанняў аб тым, што Маці Божая Браслаўская спрычынілася да нейкага значнага цудадзейства, да нашых часоў не дайшло. Але тое, што абраз вельмі шанавалі ў краі – факт бясспрэчны. Доказам таму з’яўляецца існаванне копій іконы, якія былі распаўсюджаны ў рэгіёне і карысталіся вялікім аўтарытэтам. Святыню ведалі не толькі на Браслаўшчыне”.

А для браслаўчан і мясцовых святароў ці не галоўным цудам, якое ўчыніла Браслаўская Мадонна ў папярэднім стагоддзі, было тое, што ў савецкі час браслаўскі касцёл амаль не зачыняўся. І нават у 50-я гады, калі было забаронена праводзіць у ім набажэнствы, рэлігійнае жыццё ў Браславе не перарывалася.

А праз два гады ўлады былі вымушаныя вярнуць касцёл парафіянам. Прычым да гэтага надзвычайнага для часоў ваяўнічага атэізму кроку падштурхнулі мясцовых “валадароў” даволі таямнічыя абставіны. Мясцовыя старажылы распавядаюць, што міліцыянеры, якія ахоўвалі касцёл, аднойчы ўчынілі страляніну па храме. Здарылася гэта ўначы. Як потым тлумачылі гора-стралкі, яны штоноч бачылі ля сцен касцёла нейкія здані. Былі гэта прывіды, духі ці анёлы – немаведама, але нервы ў ахоўнікаў ў рэшце рэшт не вытрымалі. Каб канчаткова сябе не скампраматаваць, улады пайшлі на саступкі і дазволілі маліцца ў храме.

“Ці ж гэта не цуд, што ў тыя часы касцёл вярнулі? На думку некаторых праваслаўных іканапісцаў, усякая кананічная ікона з’яўляецца цудадзейнай. Калі яна зроблена па ўсіх канонах, дык ужо мае сувязь з Тым, Каго яна прадстаўляе”.

Сёлета ва ўсіх касцёлах Віцебскай дыяцэзіі з’явіліся копіі браслаўскай Багародзіцы, каб вернікі з ўсёй дыяцэзіі мелі магчымасць маліцца і прасіць аб ласцы і апецы Маці Божую. Aкрамя духоўнага складніка, вельмі важным у працэсе падрыхтоўкі да каранацыі з’яўляецца момант духоўнай асветы: вернікі з усходніх раёнаў Віцебшчыны адкрыюць для сябе гэты абраз, а праз яго – і ўласную спадчыну.

У гэтай сувязі хочацца адзначыць, што Браслаўская Валадарка азёраў натхняе не толькі простых парафіянаў, але і мастакоў. Гэтак, на III Нацыянальнай выставе інсітнага мастацтва, што адбылася ў абласным краязнаўчым музеі, была паказана работа самадзейнай мастачкі з Браслава Ганны Цясюль, якая трактавала вобраз Валадаркі праз шыццё і аплікацыю.

“Гэтая зямля ніколі не была без веры і шчырай малітвы. Але калі спрабуеш прабіцца праз глыбу вякоў, дык разумееш, што шмат чаго з гісторыі страчана. На жаль, мы не маем і аўтарытэтнай экспертызы мастацтвазнаўцаў, каб вызначыць, хаця б прыблізна, узрост абраза ды ягоную прыналежнасць да іканапіснай школы”.

Цяпер абраз Маці Божай Браслаўскай зберагаецца ў алтары касцёла і адкрываецца толькі падчас набажэнстваў. Абпаленыя часткі іконы хаваюцца за шатамі. Крыху ніжэй можна ўбачыць сардэчкі і крыжыкі, якія прыносяць вернікі да Марыі з Сынам у знак пашаны і падзякі за дапамогу. Людзі свята вераць, што яна чуе іхныя малітвы, бо Яна ж – Маці…

Калі ўкленчваеш перад абразом Маці Божай Браслаўскай – адчуваеш, што ў тваё сэрца ўліваецца супакой, які гоіць любыя раны. І менавіта гэтым супакоем прасякнутыя браслаўскія пагоркі, сасновыя бары ды казачныя азёры. Валадарка гэткай чароўнай прыгажосці сапраўды вартая каралеўскай годнасці!

У лютым 2009 года Святы Айцец Бенэдыкт XVI паблагаславіў кароны. Сам абраз знаходзіцца цяпер на рэстаўрацыі ў Мінску, бо апошняя яго рэстаўрацыя была аж у 1974 годзе. Сама каранацыя адбудзецца 22 жніўня.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑