Парафіянкі з Браслаўскага дэканату прынялі ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 25-годдзя дзейнасці руху «Маці ў малітве», якія прайшлі ў мінулыя выхадныя ў Мінску.
З Віцебскай дыяцэзіі на мерапрыемства прыехалі матулі з усіх парафій, у якіх існуе рух. Дзякуючы падтрымцы ксяндза пробашча Станіслава на сустрэчу ў Мінску парафіяльным бусам змаглі паехаць удзельніцы руху з Браслава, Відзаў, Далёкіх, Пагошчы, Шаркаўшчыны і Глыбокага. У Браславе група «Маці ў малітве» існуе з 2002 году, сёння налічвае 16 актыўных удзельніц.
Свята адбылося ў касцёле Божага Цела і сабрала шмат удзельніц з розных рэгіёнаў краіны. У першы дзень была адпраўлена ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У ёй таксама ўдзельнічалі іншыя біскупы, святары і законныя сёстры, таксама наш пробашч ксёндз Станіслаў.
Ва ўрачыстасцях таксама ўдзельнічаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які прычыніўся да з’яўлення і распаўсюджання руху ў Беларусі. На другі дзень сустрэчы прыбыў таксама біскуп Юры Касабуцкі.
На сустрэчу прыехала каля 400 жанчын, з больш чым 20 парафій, якія належаць да гэтага руху. Падчас набажэнстваў і сустрэчаў выступала Людміла Барысаўна Губіна – каардынатар руху «Маці ў малітве» і духоўныя настаўнікі руху. Тэмай канферэнцый былі давер, прабачэнне і праслаўленне. Адбылося таксама благаслаўленне кіраўнікоў, а мамы давалі сведчанне пра тое, што дае ім удзел у руху. Асабліва падкрэслівалася важнасць ролі маці ў духоўным жыцці сям’і і ўсяго грамадства.
Гэтае мерапрыемства стала добрай магчымасцю для супольнай малітвы, разважання і ўмацавання веры.
Фота ўзяты з сайта catholic.by, а таксама зроблены браслаўскімі ўдзельніцамі.



















