У пятніцу 18 жніўня распачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Па добрай традыцыі ў гэты дзень прыбываюць пілігрымы. Сёлета ў Браслаў прыйшлі вернікі з Глыбока і Удзела, прыехалі асобныя пілігрымы на роварах.
Пілігрымкі з Глыбокага і Удзела трывалі тры дні. Вернікі Глыбокага прыйшлі вялікай сям’ёй у амаль сто чалавек, а група з Удзела прысвяцііла свой шлях пакаянню за грахі.
Ёсць і тыя, хто абірае прыватны шлях у санктуарый. У апошнія гады хтосьці пешшу ці на ровары ў адзіноце пераадольвае шлях у Браслаў. Такія пілігрымы рэдка заяўляюць пра сябе, таму застаюцца незаўважанымі.
Ужо другі год запар 62-гадовы спадар Вікенцій Маркевіч з вёскі Юркаўшчына Докшыцкага раёну прыехаў у Браслаў на ровары. Нягледзячы на ўзрост і спякотнае надвор’е, ён пераадолеў больш за 100 кіламетраў за адзін дзень. А на наступны ― зноў на ровары ― мусіў вярнуцца дадому. Таксама і яго сын Анджэй Маркевіч вырашыў падтрымаць бацьку і за ноч на ровары праехаў адлегласць з Мінска да браслаўскага санктуарыя.
Пілігрымы абіраюць шлях у святое месца, каб вырвацца са штодзённай мітусні і прысвяціць час разважанням і малітве. Да таго ж пілігрымаванне суправаджаецца фізічным высілкам і пэўнымі абмежаваннямі. Таму кожны пілігрым мае сваю інтэнцыю, у якой і прымае цяжкасці дарогі.
У кожнага чалавека свой шлях да Бога. Магчыма, прыклад гэтых пілігрымаў дапаможа камусьці адшукаць свой.
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч














