Хрыстус Уваскрос! Аллелюя!

„Дзверы былі замкнёныя (…) прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» (…) паказаў ім рукі і бок”. Ян 20,19–20.

Калі Хрыстус уваскрос з мёртвых, ля магілы не было сведкаў, толькі спячыя вартаўнікі. І Ён прыйшоў да сваіх вучняў, таму што Яго любоў не ведае межаў. Таму з даверам чакаем Яго Уваскрасення, каб наведаў нашу Айчыну, горад і вёскі, дамы і сем’і. Каб мы адчулі гэтую Любоў і зноў былі разам, абноўленыя сакрамэнтам пакаяння і ўзаемнага прабачэння.

Уваскрослы Хрыстус моцаю свайго Духа пераменіць нашыя сэрцы, каб мы прагнулі любові і еднасці ў нашых сем’ях і парафіяльнай супольнасці.

Уваскрослы Хрыстус сёння стаіць і сярод нас, каб даць нам упэўненасць, што Ён ёсць, жыве, дзейнічае, любіць і суправаджае нас у кожны момант нашага жыцця.

Адкрыта прымем Яго словы «Спакой вам», каб яны напоўнілі нашы ўстрывожаныя сэрцы суцяшэннем, надзеяй і радасцю. Умацоўвайма нашу веру – Бог мае моц адкрыць кожнае закрытае сэрца і прывесці яго да навяртання.

Узнясем гарачую малітву, каб увесь свет пераканаўся ў бясконцай любові Збаўцы. Будзем жыць удзячныя за збаўчую ахвяру Хрыста на Крыжы. Будзем радавацца, што ўваскрослы Езус вызваліў нас ад граху і выратаваў ад смерці.
Са святам Вялікадня!

Хрыстус Уваскрос! Аллелюя!

Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS


Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑