За час святкавання ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў з’явіліся некаторыя традыцыі. Адна з іх ― удзяленне сакрамэнту канфірмацыі вернікам Віцебскай дыяцэзіі. Кандыдаты да бежмавання збіраюцца ў дыяцэзіяльным санктуарыі, каб умацавацца дарамі Духа Святога.
На пачатку святой Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прывітаў прысутных вернікаў і духоўных асоб. Сярод іх ― Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, а таксама кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня.
У гаміліі да прысутных звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі. Ён разважаў пра таямніцу дароў Духа Святога, іх прыняцце і дзеянне ў жыцці. Нездарма бежмаванне называюць сакрамэнтам хрысціянскай сталасці: у ім асоба падцвярджае, што гатова свядома прыняць хрысціянскія каштоўнасці, жыць імі і сваімі ўчынкамі і словам сведчыць пра дзеянне Бога.
«Сапраўды, калі мы стараемся жыць Духам Божым, Ён сам дзейнічае ў нашым жыцці. Хачу пажадаць вам, каб Дух Святы, які сёння сыходзіць ў вашыя сэрцы, кіраваў вамі ўсё жыццё. Але ад кожнага з вас залежыць, ці будзеце вы ісці разам з ім», ― адзначыў біскуп Юрый.
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч
































