8 верасня ў каталіцкім касцёле адзначаецца свята Нараджэння Панны Марыі. У гэты дзень мы перажываем парафiяльны фэст. Для нашай парафіі – гэта асаблівае свята, бо наш касцёл носіць такую назву. Нараджэнне Маці Божай – гэта адно з самых старажытных марыйных святаў, урачыстасць якога адзначалася ўжо з V стагоддзя.
Падчас пропаведзі ксёндз Уладзімір падзяліўся з прысутнымі цікавымі звесткамі і думкамі наконт святкавання нараджэння Божай Маці. “У Касцёле няма традыцыі святкаваць дзень зямнога нараджэння святых. Звычайна святкуюць дзень іх нараджэння для вечнага жыцця (dies natalis), гэта значыць дзень смерці. З гэтага правіла існуюць толькі два выключэння — Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Ян Хрысціцель. Касцёл святкуе іх дзень нараджэння як для нябеснага, так і для зямнога жыцця”.
Таксама вядома, што ў Новым Запавеце няма ніякіх звестак адносна абставінаў Нараджэння Панны Марыі. Паходжанне гэтага свята звязана з традыцыяй Касцёла і са старажытнымі апакрыфічнымі тэкстамі, якія распавядаюць пра бацькоў Марыі — святога Яўхіма і святую Ганну. Менавіта іх вера і давер Богу прынеслі свету маці Збаўцы. Згодна з палестынскім паданнем, маці імператара Канстанціна Алена пабудавала ў Іерусаліме храм Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўжо ў першыя дзесяцігоддзі IV стагоддзя. З датай асвячэння гэтага храма — 8 верасня — звязана і дата самога свята.
“Нараджэнне Марыі стала важнай радаснай падзеяй у гісторыі дачынення Бога з чалавецтвам, бо яно абвяшчала найвялікшую найбольш радасную падзею – хуткі прыход міссіі, ажыцяўленне старазапаветных прароцтваў. Дзеву Марыю называюць надзеяй для чалавецтва” – дадаў святар.
На ўрачыстасці ў браслаўскім касцёле прысутнічалі таксама іншыя святары з нашага дэканату. Пасля вячэрняй святой імшы ўсе памаліліся літаніяй да Найсвяцейшай Марыі Панны, а потым адбылася эўхарастычная працэсія вакол касцёла.









































































