Літургія Вялікай Пятніцы (2026 г.)

Літургія Вялікай Пятніцы ў Каталіцкім Касцёле — гэта цэнтральная частка Трыдуума, якая ўспамінае Муку і смерць Езуса Хрыста. Гэта адзіны дзень, калі ў Касцёле не адпраўляецца святая Імша.
Нутро святыні нібы знаходзіцца ў жалобе. Аголены алтар, пусты табернакль з адчыненымі дзверцамі, не гарыць лямпада. Гэта сімвалізуе адсутнасць Эўхарыстычнага Хрыста да пачатку Велікоднай Вігіліі. Таму і для вернікаў гэта дзень сціслага посту і абстыненцыі.
Літургія Вялікай Пятніцы пачынаецца не спевам, а цішынёй, у якой святар кладзецца крыжом перад алтаром, што сімвалізуе смутак і пакору.
Ушанаванне Крыжа – гэта самая характэрная частка літургіі, якая пачынаецца з аб’яўлення Крыжа. Святар урачыста ўносіць закрыты крыж, паступова адкрываючы яго, спяваючы пры гэтым: “Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збаўца свету”, вернікі адказваюць: “Пойдзем з паклонам”.
Потым прысутныя пацалункам выказваюць найвышэйшую пашану Хрысту, які памёр на ім.
Пасля святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт будзе выстаўлены каля гробу Пана і будзе там знаходзіцца ажно да Пасхальнай вігіліі.
Увесь дзень накіраваны на разважанне пра цану Адкуплення. Вернікі сузіраюць уласную смерць граху ў смерці Пана.


Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑