Пальмовая нядзеля — пачатак часу пакут і любові (2026 г.)

З нагоды Пальмовай нядзелі шматлікія вернікі Браслаўскай парафіі прынялі ўдзел у Імшы і ўрачыстай працэсіі, трымаючы асвячоныя вербы і пальмы ў сваіх руках.

Падчас пропаведзі ксёндз пробашч разважаў наконт сэнсу гэтага дня. Пальмовая нядзеля, або Нядзеля Мукі Пана, адкрывае самы глыбокі і драматычны перыяд у хрысціянскім календары. У гэты дзень Езус уваходзіць у Іерусалім, ведаючы, што Яго чакае. Ён свядома прыходзіць туды, дзе аддасць сваё жыццё за збаўленне свету. Гэта не выпадковасць, а вольны выбар любові. Але гэты шлях праходзіць праз боль, крыж і прыніжэнне? Хіба Бог не мог здзейсніць адкупленне інакш? Магчыма, мог. Але менавіта праз крыж Бог паказвае чалавеку глыбіню сваёй любові — любові, якая ідзе да канца, да ахвяры ўласнага жыцця. Для чалавека гэта становіцца самым выразным доказам Божай бясконцай міласэрнасці. Уваходзячы ў Іерусалім, Езус не проста прымае вітальныя воклічы людзей. Ён ідзе да свайго сапраўднага трона — крыжа. “Ён прыбывае валадарыць як Кароль, але не тады, калі Яго віталі ля ўваходу ў горад! Ён прыходзіць валадарыць з трона крыжа! Яго скіпетр, Яго стратэгія — гэта пакора і прыніжэнне! Езус абяўляе Сябе як Кароль Міласэрнасці!” Пальмовая нядзеля нагадвае ўсім вернікам, што шлях да ўваскрасення праходзіць праз крыж, а сапраўдная любоў заўсёды гатовая да ахвяры.

На заканчэнне пропаведзі ксёндз пробашч падкрэсліў, што “Езус прайшоў праз смерць і ўваскрасенне дзеля таго, каб мы жылі вечна, для таго, каб кожны з нас мог радавацца калісьці прабываннем з Богам, калі на гэтым свеце будзе ісці за Хрыстом” і заахвоціў усіх прысутных: “Таму заахвочваю кожнага з вас, каб абавязкова знайсці ў гэтыя святыя дні час, каб перажываць гэтыя дні, гэтую Літургію, гэты пасхальны Трыдуум, каб можна было з радасцю, са шчырай і сапраўднай верай у велікодны дзень сказаць: “Хрыстус – мой Збаўца! Хрыстус, Які прыйшоў у Ерусалім сёння, перамог смерць дзеля майго збаўлення, і я ў гэта веру!”


Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑