Крыж, Марыя, Эўхарыстыя ў маім жыцці…
У пятніцу 20 сакавіка ў нашай парафіі распачаліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правеў айцец Валерый Орсік, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў весцы Дзеркаўшчына. Падчас духоўных разважанняў святар заахвоціў звярнуць асаблівую ўвагу на Крыж, Марыю і Эўхарыстыю, якія павінны займаць цэнтральнае месца ў жыцці кожнага хрысціяніна-католіка. Айцец Валерый прапанаваў задумацца над вельмі важнымі пытаннямі для кожнага з нас. Ці умеем ўспрымаць цярпенні штодзеннага жыцця як ласку, дадзеную Панам? Ці верым так, як верыла Марыя? Нават ідучы крыжовым шляхам з Сынам, нават стоячы пад Крыжам, нават тады, калі ў Яе Святыя Матчыны рукі паклалі мертвае цела Збаўцы? Чым для нас з’яўляецца Эўхарыстыя? Ці верым, што найвялікшы цуд штодня адбываецца ў Касцеле, падчас перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста? Як мы перажываем Святую Імшу, як мы ў ей удзельнічаем? Айцец Валерый заахвоціў паверыць у жывую прысутнасць Хрыста і вучыцца перажываць Святую Эўхарыстыю як апошнюю ў нашым жыцці.


















