Вігілія Божага Нараджэння – урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы перыяд. Слова “вігілія” лацінскага паходжання і азначае чуванне. Традыцыйна ў вігілію Божага Нараджэння адбываецца святая Імша – Пастэрка, якая ў нашай базыліцы распачалася а 22-ой гадзіне. Назва “Пастэрка” паходзіць ад лацінскага слова “pastor” (пастух), бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастухі, якія непадалёку пасвілі свой статак. Яны першыя і прыйшлі пакланіцца немаўляці.
Святая Імша распачалася ўрачыстай працэсіяй с імправізаванымі яслямі нованароджанага Збаўцы. Затым прагучаў тэкст пра гісторыю збаўлення габрэйскага народу і прадказанне прыйсця Месіі. Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў звярнуў увагу вернікаў на тое, што Езус нарадзіўся, прыйшоў у свет, а ці нарадзіўся Ён у нашых дамах, нашых сем’ях, нашых сэрцах?..
Радаснаму і ўзнесламу перажыванню Вігіліі Божага Нараджэння спрыяла атмасфера, якая панавала ў касцёле: дэкарацыі, імправізаваныя яслі, цудоўны спеў парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам Іны Сапун.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Станіслаў павіншаваў прысутных са святам Божага Нараджэння і пажадаў вернікам сапраўды благаслаўлёных Каляд, каб кожны ў штодзеным жыцці знайшоў свой Бэтлеем, а ў ім – Хрыста, які прыходзіць да кожнага чалавека асабіста с дарам спакою, радасці і прімірэння.







































