Бетлеемскі агонь прыбыў у Браслаўскую парафію

21 снежня 2025 года полацкія скаўты прывезлі ў Браслаўскую базыліку Бетлеемскі агонь міру і дабра, які 17 снежня 2025 года традыцыйна прыбыў у Беларусь.

Гэта цудоўная акцыя, якая штогод адбываецца напярэдадні свята Божага Нараджэння, каб злучыць людзей розных краін і веравызнанняў сімвалам цяпла, міру і надзеі. Бетлеемскі агонь — гэта полымя, запаленае ў пячоры Наражэння Езуса ў Бетлееме, там, дзе, паводле традыцыі, нарадзіўся Езус Хрыстус.

Гэтая традыцыя пачалася ў 1986 годзе, яна была заснавана аўстрыйскімі скаўтамі. Штогод прадстаўнік аўстрыйскіх скаўтаў запальвае лампаду ў базыліцы Божага Нараджэння ў Бэтлееме, затым спецыяльным рэйсам полымя прывозяць ў Вену. Адтуль Бэтлеемскі агонь распаўсюджваецца па краінах Еўропы шляхам так званай скаўцкай эстафеты: скаўты з розных краін перадаюць полымя адно аднаму. Ужо больш за 15 гадоў Бэтлеемскі агонь прыязджае і ў нашую краіну. 17 снежня 2025 года агонь быў дастаўлены польскімі скаўтамі на мяжу Польшчы і Беларусі. 

Святло Бэтлеемскага агню, якое сімвалізуе супакой, надзею і згоду, дзякуючы еднасці моладзі розных краін пераадольвае значныя адлегласці і прыходзіць да тых, хто яго чакае. Для шматлікіх вернікаў гэта знак таго, што калядныя традыцыі і ідэі супакою і міру не маюць межаў. 

Таму варта ўзяць гэты агонь дадому, яшчэ раз нагадаць сабе і сваім блізкім пра надыходзячае свята Божага Нараджэння.


Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑