Кульмінацыйным момантам урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў стала святая Імша 23 жніўня на палявым алтары, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Важным госцем на Эўхарыстыі стаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, які прамовіў да прысутных гамілію, у якой падкрэсліў, што: “Гэты санктуарый на беразе возера Дрывяты – не проста месца тутэйшай пабожнасці, але і жывое сведчанне трывалай веры. […] У Марыі – зарніцы, якая прадвяшчае світанне, – мы знаходзім кіраўніцтва, абарону і прыклад пакоры, служэння і мужнасці. […] І менавіта гэты досвед веры, які так непахісна перажываў гэты народ, надае паўнату значэння слову, абвешчанаму сёння.”
Напрыканцы арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа заахвоціў прысутных “быць супольнасцю, якая жыве Евангеллем і адлюстроўвае яго ў еднасці з усім Касцёлам”.
Пасля ўрачыста праспяванага гімна Te Deum у завяршэнні Эўхарыстыі адбылося прысвячэнне Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Браслаўскай.
Няхай дэвіз сёлетняй урачыстасці «З Марыяй да Бога — шлях надзеі» будзе маяком у нашым штодзённым жыцці.
Фота: Аляксандра Шчыглінская, Ірына Гайдамовіч



































































































































