Афіцыйна сезон пілігрымак у Беларусі яшчэ не распачаўся, але дзеці з Браслаўскага санктуарыя Маці Божай распачалі свой, сезон Пілігрымаў Надзеі. Менавіта так называўся летнік, арганізаваны парафіяй і сёстрамі Эўхарысткамі для маленькіх вернікаў, якія толькі ў гэтым годзе прынялі Святую Камунію, а таксама для тых, хто рыхтуецца да яе прыняцця.
Ня гледзячы на тое, што асноўная частка праграмы адбывалася на тэрыторыі касцёла, удзельнікі летніка сапраўды змаглі сябе адчуць сапраўднымі пілігрымамі! Па-першае, праз штодзённую ранішнюю малітву, якая штодня мела розную форму: мы адмаўлялі частку ружанца, маліліся да Валадаркі азёраў ва ўласных інтэнцыях, прасілі падтрымкі ў святога Антонія ў дзень яго ўспаміну 13 чэрвеня. Таксама для маленькіх пілігрымаў былі падрыхтаваныя катэхэзы, якія дапамагалі глыбей зразумець, што стаіць за вядомай “тройкай”: Верай, Надзеяй і Любоўю? Як і сапраўдныя падарожнікі да Хрыста, галоўным пунктам дня ўдзельнікі летніка мелі Святую Імшу з навукай, што не толькі тлумачыла Божае слова на дзень, але і дапамагала глыбей спасцігнуць таямніцу чалавечага жыцця як бясконцага пілігрымавання. Як і ў сапраўдным суполным паломніцтве, кожны дзень быў багата аздоблены супольнымі спевамі ці не ў кожную вольную хвіліну! Да таго ж, кожны дзень знаходзіліся сілы яшчэ і на танцы.
Абсалютна ніяк не справіцца падарожніку без дапамогі добрых людзей навокал. Парафіяльная супольнасць вельмі аддана паставілася да арганізацыі летніка, пачынаючы ад ахвяраў садавіны і гародніны, сканчваючы гатаваннем ежы (была нават піцца-сюрпрыз!) і дапамогай ў навядзенні парадку ў доме напрыканцы кожнага дня. Радасна і вельмі аддана сустракалі супольнасць пілігрымаў у Браслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, там для кожнага з дзетак не толькі падрыхтавалі памятку аб тым, як бяспечна пайсці ў сапраўднае паломніцтва, але і правялі майстар-клас па перавязцы ранаў, а а таксама распавялі шмат цікавага і карыснага.
Сур’ёзнае выпрабаванне чакала маленькіх парафіянаў у вяровачным гарадку на турбазе “Браслаўскія азёры”. Хоць усе ўдзельнікі трапілі на першы ўзровень складанасці, але ўсё ж для кожнага гэта было своеасаблівае пераадоленне сваіх страхаў і слабасцяў. І абсалютна ўсе з імі справіліся! Асаблівыя ўмовы ў гэтым годзе стварала надвор’е, якое магло некалькі разоў за дзень змяніць гнеў на міласць, за шматабяцальным сонцам абліць халодным дажджом. Але хіба гэта перашкода для сапраўднага Пілігрыма Надзеі? І, сапраўды, надзея на цеплыню спраўдзілася, і апошні дзень летніка сонца цэлы дзень суправаджала праграму!
Асабліва важна на кожным шляху разумець, што ты крочыш не адзін, і адчуваць побач сяброўскае плячо. Добрай трыдацыяй браслаўскіх летнікаў з’яўляецца своеасаблівая школа валанцёраў, якая ўтвараецца пры супольнасці дзяцей. Валанцёры – гэта тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія некалі гэтак жа праходзілі свае летнікі і пілігрымкі, а цяпер выраслі да таго, каб дапамагаць аніматарам у арганізацыі. Сабраць сваю групку, супакоіць, раставіць мэблю перад катэхэзай, дапамагчы накрыць на стол і потым памыць посуд… Ну і быць добрым сябрам для кожнага дзіцяці – вось яно, валанцёрскае служэнне! Вельмі радасна бачыць, як праведзены час спрыяе паглыбленню разумення вартасці служэння ў жыцці хрысціяніна, як падлеткі раскрываюць у сабе дадатковыя творчыя і педагагічныя здольнасці, як яны гатовыя да апошняй хвіліны забаўляць сваіх маленькіх пераемнікаў і чулліва рэагаваць на іх патрэбы.
Пілігрымка Веры, Любові і Надзеі цягнецца ўсё жыццё чалавека, але якая вялікая радасць, калі на гэтым шляху сустракаюцца такія яскравыя і карысныя “прыстанкі”, як летнік у Браславе!
Аніматар летніка “Канікулы з Богам 2025” – Паліна Грыб














































