Першы тыдзень лета адзначыўся для Браслава тым, што наляталі і адыходзілі дажджы і навальніцы, што сонца то хавалася за хмары, то моцна прыпякала, што то цёплым, то халодным сустракаў спадарожных вецер. Але яшчэ некалькі дзён запомняцца гораду тым, што з тэрыторыі касцёла гучалі вясёлыя дзіцячыя галасы, ліліся хрысціянскія спевы, чуліся цікавыя размовы. “Канікуламі з Богам” дзеці нашай парафіі распачалі свае летнія прыгоды.
Кожны раз такія сустрэчы вельмі шмат даюць маленькім парафіянам. Тут яны знаходзяць новых сяброў, праводзяць шмат часу з тымі, каго даўно ведаюць, пазнаюць шмат цікавага на катэхэзах, спрабуюць сябе ў незвычайных занятках. Так, напрыклад, цягам тыдня можна было навучыцца рабіць падсвечнікі з каляровага салёнага цеста, паспрабаваць сябе ў будаўніцтве (хай і не зусім сапраўдным) супольнага Касцёла Святога, а таксама адчуць сябе альпіністамі і правесці трэніроўку ў вяровачным гарадку. Да таго ж, быў прадугледжаны і вольны час, у які можна было знайсці сабе заняцце па душы – пабегаць за мячыкам, пакруціць абруч ці згуляць з сябрамі ў розныя настольныя гульні.
Тэмай “Канікулаў з Богам” было разважнанне над тым, кім жа ёсць Езус для нас паводле Слова Божага. Штодня разам з сёстрамі-эўхарысткамі дзеці адкрывалі новыя азначэнні: “Я ёсць Святло Свету”, “Я ёсць Брама”, “Я ёсць Хлеб Жыцця”, “Я – Добры Пастыр”. Гэтыя словы ляжаць у аснове нашай веры ў Езуса Хрыста, у аснове нашага з ім знаёмства, а таму ўдзел у штодзённых катэхэзах, якія ладзілі сёстры-эўхарысткі, быў каштоўным не толькі для самых маленкіх, але і для дарослых валанцёраў і аніматараў. Тыя ж тэмы падымаліся і пробашчам парафіі ксёндзом Станіславам SDS падчас штодзённай Святой Імшы.
Паколькі на час нашага супольнага адпачынку выпала чатыры дні Навэнны да Святога Антонія, то ў дзяцей нашай парафіі была цудоўная магчымасць лепей пазнаёміцца з гэтым святым, скіраваць да яго свае малітвы і просьбы, а таксама лепей даведацца аб яго ўласным жыццёвым шляху. Тым больш, што фігура святога Антонія ўжо шмат год сустракае ўсіх тых, хто прыходзіць у святыню.
Для таго, каб лепш пазнаёміць дзяцей з рознымі святымі, быў зладжаны спецыяльны квэст, дзе кожная каманжа атрымлівала ліст ад нейкага святога, спрабавала знайсці яго адмысловую “кропку” і выканаць заданне, якое на кожным прыпынку было рознае. Безумоўна, ад такой актыўнай дзейнасці ўсе крыху стаміліся, але на такі выпадак былі падрыхтаваныя больш ціхія, інтэлектуальныя пункты праграмы. Мы паспелі згуляць “Хрысціянскі квіз”, паглядзець і адмеркаваць невялікі мультфільм пра “Пінчынэла”, а таксама разам перажывалі фінальную супер-гульню, падчас якой дзецям вельмі спатрэбіліся веды, што яны атрмалі ў навучальным годзе падчас катэхетычных заняткаў.
Але важныя гэтыя “Канікулы з Богам” не толькі для дзяцей і іх бацькоў, а і для ўсёй нашай парафіі. Бо дзеці – гэта будучыня нашага касцёла, а таму так важна прымаць іх у супольнасць з самага ранняга ўзросту.
Шчырая падзяка ўсім тым, хто дапамагаў праводзіць гэтыя пяць дзён у атмасферы радасці і забяспечанасці! Дзякуй валанцёрамі, якія на некаторы час ахвярна сталі адказнымі выхавацелямі. Дзякуй дырэктару вяровачнага гарадка. Дзякуй тым, хто дапамагаў на кухні і з прыборкай дома, вашая праца была бачнай і вельмі важнай, бо без пасілку і частай падлогі нічога б не атрымалася! Дзякуй таксама і тым, хто дарыў нават простую ўсмешку ў касцёле альбо праходзячы побач. Шчаслівыя дзіцячыя твары – лепшае сведчанне таго, што парафіяльная супольнасць добра функцыянуе і спраўляецца з тым, каб гадаваць новае пакаленне.
Важнай адзнакай таго, што летнік атрымаўся, стаўся не толькі агульны добры настрой, што панаваў у апошні дзень, але і слёзныя просьбы некаторых дзяцей працягнуць сумеснае прабыванне “хаця б яшчэ на тыдзень які”. Шчыра спадзяюся, што тыя, хто ў гэтым годзе вырашыў сустрэць летнія канікулы разам з Панам, годна пойдуць па жыцці і стануць моцным духоўным падмуркам не толькі Браслаўскага, але агульнага Беларускага касцёла!
































