Маленькія вернікі з Браслава наведалі жывую батлейку 26 снежня сёстры-эўхарысткі арганізавалі паездку для дзяцей у вёску Удзела. Там удзельнікі катэхезы для дашкольнікаў разам з бацькамі змаглі ўбачыць батлейку з жывымі жывёламі. Спачатку дзеці зайшлі ў святыню, каб памаліцца. А пасля каталіся на восліку, гладзілі ламу, авечак, поні, цяля, козаў. А яшчэ зайшлі на гарачую гарбату ад мясцовых святароў і пачастунак ад нашых сясцёр.
Для дзяцей і іх бацькоў паездка стала прымным працягам святкавання Божага Нараджэння. Бацькі дзякуюць сёстрам-эўхарысткам і ксяндзу пробашчу за такі цудоўны святочны падарунак для дзяцей.
Батлейку ў вёсцы Удзела айцы францішкане ўсталявалі з нагоды 800-годдзя першай стаенцы. Як кажа традыцыя, у 1223 годдзе ўпершыню святочную стайню зрабіў святы Францішак. Было гэта ў італьянскім горадзе Грэча. Такім чынам ён хацеў наблізіць вернікам гісторыю Божага Нараджэння.















