Міласэрная Любоў Бога майго, прымі памерлых у Валадарства сваё…

У суботу 28 кастрычніка ў нашым касцёле прайшло агульнадыяцэзіяльнае спатканне груп Апостальства дапамогі душам чысцовым. У гэтым годзе да Апостальства далучыліся вернікі з Відзаўскай і Пагашчанскай парафій.

Апостальства дапамогі душам чысцовым – арганізаваная форма апостальства Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чысцовым, якую заснаваў бл. Ганарат Казьміньскі і маці Ванда Алендская ў 1889 годзе ў Закрочыме.  Апостальтва дапамогі душам чысцовым – гэта малітоўны рух, удзельнікі якога ахвяруюць свае малітвы, працу, цяжкасці, цярпенні за душы памерлых, якія пакупуюць у чысцы. Прыналежнасць да супольнасці дапамагае больш плённа рэалізаваць пакліканне малітвы за памерлых, а менавіта за тых, якія церпяць у чысцы, і сярод якіх могуць быць душы нашых памерлых родных.

Сустрэча ўключала сумесныя малітвы, адарацыю і святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас канферэнцыі ксяндза Станіслава Мжыглуда SDS, тэма якой “Чысцец і справы, неўпарадкаваныя пры жыцці”, удзельнікі маглі паразважаць над пачутым словам, над тым, што маліцца за душы памерлых – вельмі важны ўчынак міласэрнасці і ўдзячная справа, бо душы, збаўленыя з падпрымкаю жывых, будуць вечна ўдзячныя за гэта і будуць падтрымліваць нас пры жыцці і суправаджаць падчас пераходу ў дом Нябеснага Айца. Памерлыя ўжо не могуць самі сабе дапамагчы, а “у нашых руках ёсць усё, што неабходна для дапамогі гэтым няшчасным душам, – малітвы, пакаянне, міласціна” (св. Ян Марыя Віянэй).

Усе мы марым, каб нашыя памерлыя блізкія мелі вечнае шчасце з Богам у небе.

Стаць удзельнікам руху можна індывідуальна або далучыўшыся да суполкі Апостальства дапамогі душам чысцовым, якая ёсць у нашай парафіі. Запоўніць “Анкету ўдзельніка АДДЧ”, атрымаць пасведчанне ўдзельніка з малітваю “Акт штодзённага ахвяравання за памерлых”.

Тэкст Алена Піртань

Фота Ірына Гайдамовіч

Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑