Новы алтар і амбону асвяціў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у нядзелю 9 ліпеня. Абрад асвячэння адбыўся падчас святой Імшы на 11 гадзін.
Як адзначыў пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, згодна з традыцыяй у алтары змешчаны рэліквіі святых: Северыяна (мучаніка ІІІ ст., успамін адзначаецца 23 студзеня) і Аматара (мучаніка ІX ст., успамін 30 красавіка).
У гаміліі біскуп Алег разважаў над значэннем алтара, як знака сувязі з Богам. З даўніх часоў людзі абіралі алтар месцам пакланення і прынясення ахвяры. Калі ж габрэі прыносілі Богу ў ахвяру найлепшую частку з таго, што мелі, так вызнавалі, што іх жыццё залежыць не ад рэчаў, а ад Бога. Такім чынам давяралі Яму сваё жыццё.
«Алтар з каменя ― сімвал трываласці і моцы Божай. Гэта месца эўхарыстычнай ахвяры, праз якую мы ўваходзім у рэчаіснасць Божага Валадарства. А па-другое, алтар, як стол, збірае нас вакол сябе і яднае ў адну сям’ю», ― адзначыў біскуп Віцебскі Алег.
«Звычайны хлеб тут падчас кожнай святой Імшы ператвараецца ў цела Езуса Хрыста. Просім сёння, каб мы абудзіліся, каб цанілі і баранілі як нашыя продкі гэты вялікі дар і месца, куды можам прыйсці і памаліцца», ― заахвоціў іерарх.
Тэкст Святланы Жылевіч
Фота Ірыны Гайдамовіч






