Мае дарагія!
Хрыстос замучаны пры Понцкім Пілаце, памёр на крыжы і ўваскрос на трэці дзень. Мы святкуем гэтыя збаўчыя падзеі, як і кожны год, з той жа верай і той жа пашанай. Свет змяняецца, але Хрыстос і Яго збаўчая справа застаюцца нязменнымі.
Жадаю вам і вашым сем’ям, каб у велікодную раніцу, каля пустой магілы, вы з надзеяй глядзелі на сваё ўласнае жыццё і жыццё тых, хто сярод вас. Каб вы з надзеяй глядзелі на рэчаіснасць, у якой мы ўсе жывем.
Хрыстос уваскрос, Ён жыве. У Ім, і толькі ў Ім, знаходзіцца крыніца сілы, каб пераадолець любое зло, якое праз зайздрасць д’ябла прыходзіць у свет і наша жыццё. З Уваскрослым, хоць зло можа раніць і знясільваць, але яно ніколі не пераможа нас, хто ўскладае сваю надзею на Збаўцу.
Хрыстос уваскрос, Ён жывы, таму не бойцеся, Ён перамог свет. Без страху, з жывой верай, трывайце ў супольнасці Касцёла, бо гэта супольнасць, якая жыве жыццём Хрыста. Не бойцеся будаваць сваё сямейнае, асабістае, прафесійнае і грамадскае жыццё на каштоўнасцях, якія Ён, Уваскрослы Збаўца, прынёс у свет.
Хрыстос уваскрос, Ён жыве. Тыя, хто вераць у Яго і давяраюць Яму, стануць духоўна магутнымі, і як Гасподзь, змогуць з любоўю аддаваць жыццё за сваіх сяброў.
Хрыстос уваскрос, Ён жыве. Тыя, хто вераць у Яго, прымаюць Яго вучэнне і сілкуюцца Яго Целам і Крывёю, разам з Ім уваскрэснуць і жыць будуць вечна.
Жадаю вам, каб Вялікдзень быў часам аднаўлення веры. Каб сярод мітусні паўсядзённага жыцця вы не страцілі тое, што можа надаць яму сэнс. Каб няпэўнасць, праблемы і пакуты былі асветлены святлом велікоднай раніцы, а ў сэрцы нарадзілася сапраўдная надзея. Няхай любоў, атрыманая ад Бога, пераможа нянавісць і падзелы. Жадаю вам спакою, крыніцай якога з’яўляецца Уваскрослы.
Няхай Божы Провід ахоўвае вас і вашых блізкіх!
кс. Станіслаў Мжыглуд SDS







