Уваскрасенне Хрыста – гэта найважнейшае і самае радаснае хрысціянскае свята. Святы Павел падказвае, што калі б Хрыстос не ўваскрос, то дарэмнай была б нашая вера і дарэмнымі былі б нашыя зямныя намаганні. Дзякуючы ўваскрасенню Езуса, усё добрае, прыгожае, высакароднае, пазначанае любоўю ў нашым жыцці будзе вечна трываць.
Таму з нагоды Велікодных Святаў прагну вам, дарагія парафіяне і мілыя госці, скласці сардэчныя віншаванні. Няхай гэтая велікодная радасць прамяніцца ў вашым жыцці, няхай у вашых сем’ях, месцах працы і штодзённых адносінах заўсёды ўваскрасаюць дабрыня, праўда, любоў, згода і добразычлівасць.
Няхай уваскрослы Пан адорыць вас сваім благаслаўленнем, гэта значыць жадае дабра вам і вашым сем’ям. Няхай адорыць ласкай здароўя, дадае сілы ў працы і ў пераадоленні ўсіх штодзённых цяжкасцяў. Няхай усё добрае, як і ў прыродзе, зазелянее і расцвіце ў вашым асабістым, прафесійным, сужэнскім і сямейным жыцці.
Няхай бляск пустой магілы нашага Пана няспынна нагадвае, што магілай нічога не заканчваецца – наадварот – усё толькі пачынаецца! Няхай перамога жыцця над смерцю вяртае спакой і надзею, што ў канчатковым разліку добро заўсёды пераможа зло, праўда – падман, а любоў – нянавісць.
Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS







