З БОЖЫМ НАРАДЖЭННЕМ!

Хвала Хрысту!

Звяртаюся да братоў і сясцёр, з’яднаных  вызнаннем адной веры і імкненнем да адной духоўнай мэты – Касцёлу, які заснаваў Езус Хрыстус падчас свайго знаходжання на зямлі.

У гэты радасны, святочны час хачу пажадаць, каб добры Бог, які прыходзіць да нас у Нованароджаным Дзіцяці, адарыў кожнага з вас Божымі дарамі – спакоем і радасцю, любоўю і ўзаемаразуменнем, мудрасцю і цярплівасцю, добрым здароўем, штодзённым хлебам і ўсім неабходным для жыцця чалавека.

Няхай гэты святочны час будзе часам ласкі для хворых, самотных, церпячых, чые сэрцы напоўнены страхам і няўпэўненасцю. Няхай найбольш яны спазнаюць Божую дабрыню і любоў праз бліжніх.

 Няхай радаснае свята загоіць раны, спыніць спрэчкі і сваркі, пачне новы прыгожы час у нашых сямейных адносінах. Ствараючы супольнасць сяброўства і любові ў сям’і, у суседстве, у парафіі, мы можам кожны дзень адчуваць мудрасць слоў святой Маці Тэрэзы: «Кожны раз, калі дазволіш Богу любіць іншых праз цябе, гэта заўсёды Каляды».

Гэтыя мае пажаданні я ўключаю ў Хрыстова благаслаўленне, якое годна прыміце на святкаванне вялікай Божай таямніцы з роднымі, знаёмымі, сябрамі і гасцямі. Няхай Пан знойдзе годнае месца ў нашых сем’ях, прыняты з верай, любоўю і дзіцячым даверам.

 кс. Станіслаў Мжыглуд SDS.

Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑