З БОЖЫМ НАРАДЖЭННЕМ!

 Дарагія парафіяне і госці!

У чарговы раз добры Бог даў нам ласку святкаваць Божае Нараджэнне.

Бог прыходзіць да нас! Нараджаецца, каб быць з намі, вучыць, як паводзіць сябе ў складанай сітуацыі, як дзяліцца радасцю і любоўю, нясе нам мір і спакой!

Кожнаму з нас варта разумець, што жыццё чалавека мае працяг у вечнасці, гэта барацьба дабра і зла. Шмат у свеце дабра, шмат у свеце зла. Так было, ёсць і будзе, пакуль існуе свет. І вельмі важна, у якім напрамку іду я: шляхам дабра ці шляхам зла? А матывацыя вельмі важкая – вечнасць! І толькі ад нас саміх залежыць, якой яна будзе.

Бог прыходзіць да нас! Нараджаецца, каб быць Эмануэлем – гэта значыць Богам з намі. Падчас Божага Нараджэння агеньчык вігілійнай свечкі асвятляе ўсіх тых, хто хоча быць з Нованароджаным Божым Дзіцяткам, якое сталася «Уцелаўлёным Божым Словам» і прыйшло жыць сярод нас. Езус асвятляе нас сваім Боскім благаслаўленнем і напаўняе любоўю, згодай і ўзаемнай павагай.

Падчас вігілійнай вячэры з самай блізкай сям’ёй будзем дзяліцца аплаткай – сімвалам Езуса, «хлебам з неба», які дае чалавеку сілу для далейшага жыцця, які ўмацоўвае нас на шляху да нябёсаў і дазваляе нам станавіцца больш добрымі, адкрывацца да Бога і іншых людзей. У гэты час мы спяваем прыгожыя калядкі, якія дапамагаюць нам лепш зразумець праўду пра тое, што «Слова сталася Целам і пасялілася між намі…».

Яшчэ раз маю вялікі гонар звярнуцца да ўсіх з каляднымі віншаваннямі. Жадаю парафіянам і гасцям, якія праводзяць гэтыя святочныя дні ў сваёй сям’і і ў нашай парафіяльнай супольнасці, усялякага благаслаўлення ад маленькага Божага Дзіцяткі, а перадусім – здароўя, шчасця, міру, душэўнага спакою і радасці, усяго найлепшага ў надыходзячым новым 2024 годзе. Няхай Нованароджанае Дзіця знойдзе годны дом у нашых сэрцах.

Узнімі руку, Божае Дзіцятка, благаславі кожнае дзіця, кожную сям’ю, кожнага чалавека, благаславі нашу парафіяльную супольнасць і ўсіх, хто наведвае нашу святыню.

Вясёлых, шчаслівых і мірных Калядаў!

ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS.

Каментары адключаныя.

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑