Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне) — гэта законная супольнасць, пакліканне якой — абвяшчаць усім людзям, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным Збаўцам. У Касцёле гэтая супольнасць існуе з 1881 г. 

Заснавальнікам закону з’яўляецца ксёндз Францішак Марыя ад Крыжа Ёрдан. Ён нарадзіўся 18 чэрвеня 1848 г. у невялікай нямецкай вёсачцы Гуртвеіл. Пасля заканчэння школы Ёрдан, усведамляючы абавязак дапамагаць маці, пачаў фізічна працаваць. Падчас падарожжаў па Германіі і іншых краінах Заходняй Еўропы ён часта сутыкаўся з вялікай матэрыяльнай і духоўнай беднасцю, відавочнай эксплуатацыяй і заняпадам хрысціянскага стылю жыцця. Усё гэта ў значнай ступені ўмацавала ў маладым Ёрдане пакліканне да апостальскай працы. У 30 гадоў ён стаў святаром. Пад натхненнем Божай ласкі ў яго душы паволі выспявала думка аб стварэнні такой законнай супольнасці, якая сваёй дзейнасцю хоць часткова задавальняла б рэлігійныя патрэбы людзей і супрацьстаяла пануючаму злу. 

Галоўнай ідэяй заснавальніка і першых членаў новага закону была апостальская праца ў шырокім разуменні гэтага слова. Ксёндз Ёрдан вызначыў універсальную апостальскую мэту кожнага сальватарыяніна: «Пашыраць, абараняць, паглыбляць і ўзмацняць вучэнне Хрыста па ўсім свеце. Паўсюль, усім людзям, усімі спосабамі і сродкамі абвяшчаць таямніцу збаўлення». Каб рэалізаваць гэтую мэту, ксёндз Ёрдан, акрамя святароў і законных братоў, якія ў першую чаргу належаць да супольнасці, пачаў збіраць пад свой штандар шмат руплівых свецкіх апосталаў, называючы іх супрацоўнікамі супольнасці. Іх заданне — весці іншых людзей да Бога праз прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця. Разам з благаслаўлёнай Марыяй ад апосталаў (Тэрэзай Вюленвебер) ксёндз Ёрдан заснаваў таксама Супольнасць сясцёр сальватарыянак. 

У цэнтры сальватарыянскай духоўнасці знаходзіцца глыбокае паяднанне са Збаўцам. Законнікі чэрпаюць натхненне ў евангельскім навучанні Хрыста, які жадае збаўлення ўсіх людзей. Пакліканне наследаваць Збаўцу цесна спалучаецца з апостальскім пакліканнем, якое мае цалкам універсальны характар. Супольнасць праводзіць розную апостальскую працу, служачы ўсім людзям незалежна ад іх паходжання, культуры і расы. Браты далучаліся да справы евангелізацыі свету, выязджаючы на місіі ў розныя краіны. Сальватарыяне вядуць выхаваўчую дзейнасць сярод дзяцей і моладзі. У многіх краінах яны апякуюцца сярэднімі школамі і інтэрнатамі. Важным кірункам дзейнасці супольнасці з’яўляецца апостальства прэсы. 

Заслуга сальватарыянаў — з’яўленне і развіццё ў Касцёле практыкі «Святарскага дня», калі ў кожны першы чацвер месяца малітвы, цярпенні і добрыя ўчынкі ахвяруюцца ў інтэнцыі асвячэння святароў і ў інтэнцыі новых святарскіх і законных пакліканняў. 

Цяпер у Таварыства Боскага Збаўцы ўваходзіць каля 1200 чалавек, якія працуюць прыкладна ў 30 краінах Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Азіі. 

У 1990 г. першыя сальватарыяне прыехалі ў Беларусь. Цяпер душпастырскай апекай сальватарыянаў ахоплены 2  Віцебскай дыяцэзіі. 

Першым сальватарыянінам які прыехаў у Беларусь быу кс. Стэфан Прэкурат, які працаваў у Верхнядзвінску а пазней на просьбу Кардынала Казіміра Свёнтка пераехаў у Браслаў. Праз некалькі год да яго далучыўся кс. Лешык Вітвіцкі, які зараз з’яўляеца пробашчам браслаўскай парафіі і апекуном Дыяцэзіяльнага Санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў. Пад апекай сальватарыянаю знаходзіцца дзве парафіі у Віцебскай дыяцэзіі: Браслаў і Віцебск (парафія Святога Духа).

Як вызначана статутам супольнасці, кожны сальватарыянін павінен цалкам прысвяціць сябе Богу і выконваць духоўны запавет Слугі Божага кс. Францішка Марыі ад Крыжа Ёрдана, які сказаў: «Пакуль жыве на свеце хоць бы толькі адзін чалавек, які не ведае і не любіць Езуса Хрыста, Збаўцу свету, табе нельга адпачываць».