Святы Ян Павел II выказаў славутыя словы: “Сённяшні свет патрабуе больш сведкаў любові Бога да людзей, чым настаўнікаў”. Такімі сведкамі ў свеце з’яўляюцца кансэкраваныя асобы: члены мужчынскіх і жаночых інстытутаў, манаскіх супольнасцяў і ордэнаў. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства былі людзі, якія хацелі пераймаць Езуса радыкальным спосабам: чысцінёй, убоствам і паслухмянасцю. Дзеля ўласнай святасці і большай Божай хвалы яны маліліся, пакутавалі, працавалі, заахвочваючы іншых уласным прыкладам да таго, каб крочыць шляхам дасканаласці. Яны абвяшчалі Евангелле не толькі словам, але яшчэ больш прыкладам уласнага жыцця. “Што б сталася са светам, калі б не было ў ім манахаў?” – заўважыла св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус. "Манаскае жыццё ўкаранёна глыбока ў прыкладзе жыцця і ў навучанні Хрыста і з’ўляецца дарам Бога-Айца, які быў дадзены Касцёлу Святым Духам” (пар. VC 1).
Чалавек пакліканы да шчасця, якое можна дасягнуць рознымі спосабамі. Адзін з іх: перайманне Хрыста ў манаскім жыцці. Тэолаг Караль Ранэр выказаў цікавыя словы: “Да самых простых і адначасова самых найскладаных чынаў сэрца належаць: дабрыня, бескарыслівасць, маўчанне, спачуванне, душэўны супакой і малітва”. Усе гэтыя і іншыя цноты як бы ўвайшлі ў жыццё манахаў.
Святы Тамаш з Аквіну сказаў, што манаскія шлюбы з’яўляюцца самым прыгожым (пасля мучаніцтва) сведчаннем аб любові да Бога. А каб годна і свядома прынесці Богу такую ахвяру, пакліканая асоба павінна прайсці пэўныя этапы выхавання ў манастве.
Згаданы ўжо св. Тамаш растлумачыў тым, якія спрабуюць аднабакова акрэсліць духоўныя асобы: “У манаскі ордэн уступаюць не таму, што ты – дасканалая асоба, але з-за таго, што ты жадаеш такой стаць”.