Падзякі і просьбы да Маці Божай Валадаркі Азёраў

Набажэнствы да Маці Божай Валадаркі азёраў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Святоя Імша - будуць адбывацца ў кожную першую суботу месяца ў 11.00
 
 

2 лютага – свята ахвяравання пана

Падзеі ў парафіі
ahviaravanne
Date: Сб, 02 Лют 2019 00:00

Яго традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі.
 
Каталіцкі Касцёл дакладна на саракавы дзень пасля Божага Нараджэння, 2 лютага, адзначае свята Ахвяравання Пана, якое даўней называлі святам Ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты дзень вядомы таксама як свята Маці Божай Грамнічнай.
 
Гісторыя свята сягае дру­гой паловы V стагоддзя, калі ў Ерузалеме ва ўрачыстай працэсіі неслі запаленыя свечкі. Каля 540 г. у Канстанцінопалі ўспыхнула эпідэмія чумы, тады імператар Юстыніан распарадзіўся, каб працэсію перанеслі на 2 лютага і малілі Збаўцу аб дапамозе. Пад канец VII ст. папа Сергій I пастанавіў адпраўляць у гэты дзень упрашальную працэсію. Гэта спасылка на біблійнае апісанне, паводле якога на саракавы дзень пасля нараджэння, бацькі прынеслі Езуса ў святыню і ахвяравалі Богу, згодна з Законам Майсея. Гэта тады прагучалі прарочыя словы старца Сімяона, скіраваныя да Маці Божай: “А праз Тваю душу пройдзе меч”, што сталі злавесным прадказаннем Мукі Пана.
 
У некаторых календарах пад датай 2 лютага значыцца свята Ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі на ўспамін яўрэйскага рытуалу ачышчэння парадзіхі, які палягаў на складанні ў ахвяру “пары туркавак або двух галубкоў”.
У гэтую лютаўскую ўрачыстасць канчаткова завяршаецца час Божага Нараджэння, з касцёлаў знікаюць яслі, заканчваецца час каледавання і спявання калядак.
 
Дзень 2 лютага называецца таксама святам Маці Божай Грамнічнай. Пачынаючы ад IX стагоддзя, вернікі ў гэты дзень прыносяць у касцёл свечкі дзеля дабраславення, якія называюцца грамнічнымі. Назва гэтая паходзіць ад слова “гром”, бо іх запальвалі падчас буры, навальніцы, ставілі ў вокны і маліліся аб аддаленні грому.
 
Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі чалавеку, які памірае, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.   
 
Моц святла грамніцы
У хрысціянстве запаленая свечка азначае Хрыста як уваскрослае Святло свету, а таксама Касцёл, радасць і сведчанне веры. Кароткачасовасць і далікатнасць полымя свечкі часта служыць метафарай адзіноты людской душы і нетрываласці людскога жыцця, у сваю чаргу затуханне свечкі сімвалізуе чыюсьці раптоўную смерць, а яе дагаранне – мінучасць жыцця. Бляск свечкі таксама павінен быў адганяць злыя сілы, якія хаваюцца ў цемры. Па гэтай прычыне запаленая свечка з’яўлялася ў сямейных абрадах падчас нараджэння дзіцяці і вяселля, як прадвесце новага жыцця. Свечку таксама заўсёды запальвалі ля ўзгалоўя паміраючага, што дапамагала душы перамясціцца ў вечнасць і сімвалізавала непагаснае святло.
“Калі моцны гром ці бліс­кавіца – пастаў на вакне грам­ніцу”, – казалі нашыя продкі, якім святло грамнічнай свечкі спадарожнічала ва ўсіх важных хвілінах жыцця, ад нараджэння да смерці. Гэтая асаблівая свечка атрымала сваю назву дзякуючы веры народа, што яе бляск асцерагае дом падчас буры ад грому з неба, а таксама адганяе ваўкоў ад падворка.
 
Грамніцу некалі змяшчалі, часцей за ўсё, над ложкам перад абразом Марыі, а запальвалі яе ва ўсе марыйныя святы. Пасля вяртання з касцёла гаспадар абыходзіў з грамніцай гаспадарку, прыкленчваючы на кожным вугле і крэслячы агнём свечкі знак крыжа на дзвярах, вокнах і апорнай бэльцы. А затым блаславіў грамніцай хатнюю жывёлу.
 
 
2 лютага — Дзень кансэкраванага жыцця
 
З 1997 года 2 лютага ў Каталіцкім Касцёле было ўстаноўлена Янам Паўлам ІІ як Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія аддалі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытуцыях. У гэты дзень паўсюдны Касцёл асабліва моліцца за гэтых асоб. Аднак ці павінна быць свята Ахваравання Пана толькі святам асоб кансэкраваных? Ці не можа яно быць таксама святам усіх вернікаў? Паразважаем над гэтым.
 
Перад намі Святая Сям’я з Назарэта. Святы Юзаф, захоўваючы прадпісанне Старога Запавету аб прынясенні ахвяры за першынца мужчынскага полу на 40 дзень пасля яго нараджэння, становіцца прыкладам для кожнага бацькі. Ён павінен клапаціцца не толькі аб матэрыяльных патрэбах сваёй сям’і, але таксама адчуваць адказнасць за яе духоўнае развіццё. Найсвяцейшая Панна Марыя, падпарадкоўваючыся яўрэйскаму закону ачышчэння, у сваю чаргу дае прыклад усім маці, якія павінны дзякаваць Богу за сваіх дзяцей. Яны павінны таксама памятаць, што адказныя за атмасферу ў сваёй сям’і. Маці маюць абавязак так клапаціцца пра свой дом, пра яго атмасферу, каб кожны член сям’і з ахвотай вяртаўся дадому пасля іншых заняткаў. Трэцяй асобай гэтага трыпціху з’яўляецца Сын Божы, Езус Хрыстус. З пункту гледжання на Яго Боскую і чалавечую прыроду, Езус Хрыстус ахвяраваў Богу Айцу не толькі сваю Асобу, але і ўсё чалавецтва. Ён распачаў справу збаўлення, апагеем якой стане крыжовая ахвяра на Кальварыі. Езус даў прыклад поўнага аддання і паслухмянасці волі Божай, стаў узорам ахвяры.
 
Кожнага чалавека, пакліканага да жыцця на зямлі, Бог стварае на свой вобраз і падабенства (пар. Быц 1, 26) і вызначае яму дакладную мэту, якую ён павінен дасягнуць у гэтым жыцці. Для гэтага Бог адорвае кожнага чалавека неабходнымі духоўнымі і фізічнымі здольнасцямі. Жывучы на гэтым свеце і спаўняючы свае абавязкі ў сям’і, грамадстве, на працы, мы павінны заслужыць жыццё з Богам у Яго Валадарстве.
 
Пра гэтыя абавязкі павінны памятаць бацькі, выхавацелі, урачы, суддзі, палітыкі і т.д. Усе хрысціяне будуць даваць Богу справаздачу са свайго жыцця, з карыстання ўладай, якая ім была дадзена.
 
Няхай гэтае свята дапаможа кожнаму з нас спаткацца з Езусам і адкрыць сваё сэрца на іншага чалавека.
 
паводле slowo.grodnensis.by
 

 

Powered by iCagenda

СЛУХАЕМ АНЛАЙН

Запрашаем на штотыднёвую прыборку касцёла

Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
 

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

“О, сапраўды благаслаўлёная ноч, бо толькі яна была годная ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых…”.  Гэта словы старажытнага  гімна, які абвяшчае Змёртвыхпаўстанне Пана і распачынае святкаванне Вялікадня. Сапраўды, перад тым, як завіднеў Вялікі Дзень, была “тая ноч, у якую Хрыстус, разарваўшы путы смерці, пераможцам выходзіць з падземных нетраў” (з таго ж гімну).

"Дарэшты палюбіў іх..."

Святы Пасхальны Трыдуум пачынаецца ў Вялікі чацвер Імшою Вячэры Пана. Сама назва паказвае, што ў гэтай літургічнай цэлебрацыі ўспамінаецца ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і наказ Хрыста аб братняй любові, дадзены на Апошняй Вячэры.
Сакрамэнт Намашчэння Хворых

Сакрамэнт намашчэння хворых з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету, які таксама ўстанавіў Езус Хрыстус. У Святым Пісанні чытаем: «Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псальмы спявае. Занядужаў хто з вас? Пакліч прэзбітараў Касцёла, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Пана, – і малітва веры вылечыць хворага, і Пан падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будуць знятыя з яго. Прызнайцеся адзін перад адным у правінах і маліцеся  адзін за аднаго, каб паздаравець; шмат можа шчырая малітва справядлівага» (пар. Як 5, 13-16).

Апасталаты

Мы, сальватарыяне, пакліканыя наслядоўваць Езуса Хрыста, Божага Збавіцеля, на працягу жыцця як супольнасць у Паўсюдным Касцёле для апостальскай паслугі. Так як наш Заснавальнік, Айцец Францішак Марыя ад Крыжа Ярдан, абвяшчаем усім людзям збаўленне, якое аб’явілася ў Езусе Хрысце, каб на працягу жыцця, якое маем і ва ўсім нашым апостальстве усе маглі “пазнаць Цябе, Адзінага, Праўдзівага Бога, а таксама Таго, каго паслаў, Езуса Хрыста.
 
 
Гэтыя словы кажуць нам дзяліцца апостальскім пакліканнем з усімі людзьмі. Мы гатовыя служыць усюды і ўсім людзям, усімі спосабамі і сродкамі, якімі нас адорыць любоў Хрыста. Верым, што поўня Божай любові дапаможа распазнаць знакі часу і адважна адказваць на іх у кожным месцы і ў кожны час. Сёння гэтыя знакі запрашаюць нас быць прароцкім голасам аднаўлення Касцёла і света праз: пераказванне евангельскіх вартасцей сучаснымі спосабамі і ў дыялогу з кожнай культурай; пабудзіць свецкіх людзей выконваць іх хрысціянскія абавязкі, браць на сябе функцыі кіраўніка пры літургічных і харытатыўных паслугах; далучэнне да ўбогіх у барацьбе з сучаснымі формамі зла, якія робяць немагчымым поўню чалавечага жыцця, у асаблівасці грамадскай несправядлівасці, убогасці і насілля ва ўсіх формах.
“Мы, сальватарыяне, імкнемся выконваць нашу місію праз адзінства з тымі, каму нясём сваю паслугу, паказваючы людзям дабрыню і лагоднасць Бога, нашага Збавіцеля”.
Гэта Місія натхняе і запрашае сёння сальватарыянаў шукаць новыя шляхі апостальскай дзейнасці, якія стануць адказам на знакі і выклікі сучаснага света.
 

Спіс лектараў (люты-ліпень)

Паважаныя Парафіяне!
 
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА СВЯТЫЯ САКРАМЭНТЫ

78. Што такое святыя сакрамэнты?
- Сакрамэнты - гэта дзейсныя знакі ласкі, устаноўленыя Езусам Хрыстом і даручаныя Касцёлу, праз якія мы атрымліваем Божую ласку.
79. Колькі ёсць святых сакрамэнтаў?
- Ёсць сем сакрамэнтаў:
     І.     Хрост.
     2.    Канфірмацыя.
     3.    Эўхарыстыя.
     4.    Пакаянне.
     5.    Намашчэнне хворых.
     6.    Пасвячэнне.
     7.    Сужэнства.
80. Якія сакрамэнты можна прымаць толькі раз у жыцці?
-  Раз у жыцці можна прымаць хрост, канфірмацыю, пасвячэнне.
Go to top