Venue: Будслаў | City: Будслаў, Беларусь
Штогод 2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай шырока распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне, і вернікі нездарма называюць Яе Апякункаю Беларусі.
Цэнтр святкавання – невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння ва ўсёй Беларусі і нават далёка за яе межамі. Там, сярод лясоў і балотаў, знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Велічны будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малою базылікай. Кожны год у Будслаў ідуць і едуць тысячы пілігрымаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, папрасіць праз Яе заступніцтва асаблівых ласкаў Божых і прыняць удзел ва ўрачыстым будслаўскім фэсце, які становіцца сапраўдным святам веры адроджанага беларускага Касцёла — старажытнага і адначасова маладога.
У першы дзень ліпеня ў Будслаў са спевамі і радаснымі воклічамі адна за адною прыходзяць пілігрымкі. Перш за ўсё яны кіруюцца да санктуарыя, каб падзякаваць Той, якая вяла іх па спёцы і пад дажджом, лагодзячы боль крывавых мазалёў і атуляючы сваёю Матчынаю апекаю ад усіх небяспекаў у дарозе. Кожны пілігрым, які пераадолеў не адзін дзесятак кіламетраў, імкнецца апошнія метры ад уваходу ў святыню да цудоўнага абраза прайсці на каленях, каб выказаць Маці Божай асаблівую пашану.
Жывы паток у святыні не спыняецца і не слабне ні на хвіліну, але з-за вялікай колькасці вернікаў гэтыя некалькі метраў часам займаюць больш за гадзіну. Але гэты час становіцца часам асабліва глыбокай і шчырай малітвы, калі кожны, адчуваючы побач з сабою столькі братоў і сясцёр, разумее, што ўсе мы — дзеці аднаго Нябеснага Айца і маем у небе адну найлепшую Матулю, якая любіць усіх аднолькава. Менавіта ў гэтыя хвіліны з глыбіні сэрцаў узносяцца да Найсвяцейшай Маці самыя запаветныя просьбы, з надзеяй, што праз Яе магутнае заступніцтва яны будуць выслуханыя Найвышэйшым. Пра тое, што гэта — не пустая вера і не марныя надзеі, сведчаць шматлікія цуды, якія на працягу стагоддзяў адбываліся і працягваюць адбывацца ў нашыя дні каля цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
У першы дзень свята амаль кожную гадзіну тут распачынаецца чарговая святая Імша, каб тыя, хто толькі прыйшоў у Будслаў, маглі падзякаваць Пану за магчымасць маліцца ў гэтым святым месцы і прыняць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Тут жа можна паяднацца з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння: у святыні і нават проста пад адкрытым небам з паслугаю святой споведзі чакаюць дзесяткі святароў. Нават калі да канфесіяналаў стаяць чэргі, кожнаму верніку будзе прысвечана столькі часу, колькі неабходна для яго духоўнае карысці.
Пілігрымаў, большасць з якіх — маладыя людзі, без цяжкасці адрозніш у стракатым натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці па загарэлых тварах і радасным бляску ў вачах. Цэлы дзень па ўсім Будславе чуваць спевы, вясёлы гоман і смех. Тыя, хто прыйшоў раней, размяшчаюцца на начлег і выходзяць сустракаць новыя групы пілігрымаў. Але большасць з іх так і не лягуць спаць у гэтую ноч. Апоўначы каля святыні, дзе ўзвышаецца прыгожа аздоблены алтар, грандыёзнаю працэсіяй распачнецца ўрачыстая святая Імша. Шматтысячная грамада вернікаў з запаленымі свечкамі ў руках як вогненная стужка ўецца вакол парка перад святыняю. Гэтае велічнае і незабыўнае шэсце — своеасаблівая кульмінацыя пілігрымак і ўсёй урачыстасці. Пасля ўдзелу ў такой Імшы становіцца зразумелым, адкуль у стомленых доўгім шляхам пілігрымаў з’яўляюцца сілы для ўдзелу ў шматгадзінным начным чуванні.
Чуванне і малітвы працягваюцца аж да пачатку галоўнай святой Імшы ўрачыстасці, якую звычайна канцэлебруюць біскупы і некалькі дзесяткаў святароў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Гэтаю Імшою і ўрачыстай працэсіяй завяршаецца цудоўны фэст, каб праз год ізноў вярнуцца ў Будслаў пад поўныя радасці спевы пілігрымаў.
Powered by iCagenda
У Дзеях Апостальскіх чытаем: «Апосталы ж, што былі ў Ерузалеме, пачуўшы, што Самарыя прыняла Слова Божае, паслалі ім Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, (бо Ён на нікога яшчэ не зышоў, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Пана Езуса). Тады яны ўсклалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Святога» (пар. Дз 8,14-17).
Паважаныя парафіяне! Прапануем вашай увазе фільм, зрэалізаваны у 1999 годзе, які распавядае пра місіянерскую дзейнасць Сальватарыянаў ва Усходняй Еўропе пасля ўпадку бярлінскага муру. Адзін з Генеральных Капітул Сальватарыянаў даручыў Польскай Правінцыі Сальватарыянаў распачаць працу па евангелізацыі на тэрыторыі сучаснай Албаніі, Беларусіі, Расіі і Украіны. Фільм на ангельскай і польскай мове.
Пн | Ат | Ср | Чц | Пт | Сб | Нд |
---|---|---|---|---|---|---|
1
|
2
| |||||
3
|
4
|
5
|
6
|
7
|
8
|
9
|
10
|
11
|
12
|
13
|
14
|
15
|
16
|
17
|
18
|
19
|
20
|
21
|
23
| |
24
|
25
|
27
|
28
|
29
|
30
| |
31
|
Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя