Св. Імшы у нашай парафіі
ў нядзелю - 8.30, 11.00, 15.00, 19.00
у бальнічнай капліцы ў 16.30

У абавязковыя святы, якія прыпадаюць у будні дзень, а гадзіне 11.00, 19.00
i ў бальнічнай капліцы ў 16.30


Маці божая будслаўская — апякунка беларусі

Падзеі ў парафіі
Date: Ат, 02 Ліп 2019

Venue: Будслаў  |  City: Будслаў, Беларусь

Штогод 2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай шырока распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне, і вернікі нездарма называюць Яе Апякункаю Беларусі.
Цэнтр святкавання – невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння ва ўсёй Беларусі і нават далёка за яе межамі. Там, сярод лясоў і балотаў, знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Велічны будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малою базылікай. Кожны год у Будслаў ідуць і едуць тысячы пілігрымаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, папрасіць праз Яе заступніцтва асаблівых ласкаў Божых і прыняць удзел ва ўрачыстым будслаўскім фэсце, які становіцца сапраўдным святам веры адроджанага беларускага Касцёла — старажытнага і адначасова маладога.

У першы дзень ліпеня ў Будслаў са спевамі і радаснымі воклічамі адна за адною прыходзяць пілігрымкі. Перш за ўсё яны кіруюцца да санктуарыя, каб падзякаваць Той, якая вяла іх па спёцы і пад дажджом, лагодзячы боль крывавых мазалёў і атуляючы сваёю Матчынаю апекаю ад усіх небяспекаў у дарозе. Кожны пілігрым, які пераадолеў не адзін дзесятак кіламетраў, імкнецца апошнія метры ад уваходу ў святыню да цудоўнага абраза прайсці на каленях, каб выказаць Маці Божай асаблівую пашану.

Жывы паток у святыні не спыняецца і не слабне ні на хвіліну, але з-за вялікай колькасці вернікаў гэтыя некалькі метраў часам займаюць больш за гадзіну. Але гэты час становіцца часам асабліва глыбокай і шчырай малітвы, калі кожны, адчуваючы побач з сабою столькі братоў і сясцёр, разумее, што ўсе мы — дзеці аднаго Нябеснага Айца і маем у небе адну найлепшую Матулю, якая любіць усіх аднолькава. Менавіта ў гэтыя хвіліны з глыбіні сэрцаў узносяцца да Найсвяцейшай Маці самыя запаветныя просьбы, з надзеяй, што праз Яе магутнае заступніцтва яны будуць выслуханыя Найвышэйшым. Пра тое, што гэта — не пустая вера і не марныя надзеі, сведчаць шматлікія цуды, якія на працягу стагоддзяў адбываліся і працягваюць адбывацца ў нашыя дні каля цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

У першы дзень свята амаль кожную гадзіну тут распачынаецца чарговая святая Імша, каб тыя, хто толькі прыйшоў у Будслаў, маглі падзякаваць Пану за магчымасць маліцца ў гэтым святым месцы і прыняць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Тут жа можна паяднацца з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння: у святыні і нават проста пад адкрытым небам з паслугаю святой споведзі чакаюць дзесяткі святароў. Нават калі да канфесіяналаў стаяць чэргі, кожнаму верніку будзе прысвечана столькі часу, колькі неабходна для яго духоўнае карысці.

Пілігрымаў, большасць з якіх — маладыя людзі, без цяжкасці адрозніш у стракатым натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці па загарэлых тварах і радасным бляску ў вачах. Цэлы дзень па ўсім Будславе чуваць спевы, вясёлы гоман і смех. Тыя, хто прыйшоў раней, размяшчаюцца на начлег і выходзяць сустракаць новыя групы пілігрымаў. Але большасць з іх так і не лягуць спаць у гэтую ноч. Апоўначы каля святыні, дзе ўзвышаецца прыгожа аздоблены алтар, грандыёзнаю працэсіяй распачнецца ўрачыстая святая Імша. Шматтысячная грамада вернікаў з запаленымі свечкамі ў руках як вогненная стужка ўецца вакол парка перад святыняю. Гэтае велічнае і незабыўнае шэсце — своеасаблівая кульмінацыя пілігрымак і ўсёй урачыстасці. Пасля ўдзелу ў такой Імшы становіцца зразумелым, адкуль у стомленых доўгім шляхам пілігрымаў з’яўляюцца сілы для ўдзелу ў шматгадзінным начным чуванні.

Чуванне і малітвы працягваюцца аж да пачатку галоўнай святой Імшы ўрачыстасці, якую звычайна канцэлебруюць біскупы і некалькі дзесяткаў святароў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Гэтаю Імшою і ўрачыстай працэсіяй завяршаецца цудоўны фэст, каб праз год ізноў вярнуцца ў Будслаў пад поўныя радасці спевы пілігрымаў.

 

Address
Unnamed Road
Будслаў, Беларусь

 

Map


Powered by iCagenda

СЛУХАЕМ АНЛАЙН

Запрашаем на штотыднёвую прыборку касцёла

Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
 
САКРАМЭНТ СУЖЭНСТВА (ШЛЮБ)

slub Бог стварыў мужчыну і жанчыну па свайму вобразу і падабенству і паклікаў іх перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові сужэнцаў і як праяўленне любові Бога Творцы. Ад пачатку  гісторыі чалавецтва сужэнства было святым саюзам, а Хрыстус  нават  узвысіў яго да годнасці сакрамэнту.
У сакрамэнце сужэнства мужчына і жанчына  заключаюць саюз  для  супольнага жыцця, а  таксама  атрымліваюць Божую ласку для  належнага  выканання сужэнскіх абавязкаў, а асабліва для добрага выхавання  патомства.

Гісторыя

Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне) — гэта законная супольнасць, пакліканне якой — абвяшчаць усім людзям, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным Збаўцам. У Касцёле гэтая супольнасць існуе з 1881 г. 

Спіс Лектараў (травень-верасень)

Паважаныя Парафіяне!
 
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА ПЕРШАРОДНЫ ГРЭХ

25.  Чаго Пан Бог патрабаваў ад першых людзей?
-  Бог патрабаваў, каб першыя людзі любілі Яго і былі Яму паслухмяныя.
26. Ці заўсёды першыя людзі былі паслухмянымі Пану Богу?
-  Першыя людзі не заўсёды былі паслухмянымі Богу. Злы дух падгаварыў іх да непаслухмянасці.
27. Як называецца непаслухмянасць першых людзей?
-  Непаслухмянасць першых людзей называецца першародным грахом.
28. Як былі пакараныя першыя людзі за свой грэх?
-  Яны страцілі асвячальную ласку, права на вечнае жыццё ў небе. Яны перасталі быць Божымі дзецьмі. Пан Бог папярэдзіў іх, што яны будуць цяжка працаваць, хварэць і паміраць.
29. Якія наступствы першароднага граху?
-  Гэтая кара перайшла на ўсіх людзей, гэта значыць, што кожны чалавек нараджаецца з першародным грахом, не мае асвячальнай ласкі.
30. Хто быў вольны ад першароднага граху?
- Толькі Маці Божая была вольная ад першароднага граху, таму мы называем Яе Беззаганнай, Прачыстай.
Go to top