У суботу 1 снежня ў нашай парафіі адбыўся хрысціянскі баль напярэдадні Адвэнту. У вялікай зале дома айца Францішка Ярдана сабралася звыш 200 чалавек рознага ўзросту, каб супольна ў радасці правесці вечар.
На нашых землях традыцыя запустаў дастаткова даўняя: яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай праводзіліся балы перад пастамі, каб пасля не праводзіць гучных забаваў, а засяродзіцца на духоўнай падрыхтоўцы да святаў. Праўда, само слова «запусты» часцей выкарыстоўваецца ў адносінах да свята перад Вялікім пастом, а вось перад Адвэнтам звычайна святкуюць «Андрэйкі»: за некалькі дзён да яго адзначаецца ўспамін святога Андрэя.
 
Хрысціянскі баль у нашай парафіі праходзіць ужо трэці год запар. Сёлета прысутных, як і раней, чакалі танцы пад жывую музыку, забавы і конкурсы, а таксама азотнае шоу ад «Лабараторыі ікс». Кожны незалежна ад узросту мог знайсці сабе занятак па гусце: ад развмоваў за кубкам гарбаты да вясёлых танцаў, ад фотаздымкаў у мексіканскім адзенні да ўдзелу ў эксперыментах з вадкім азотам.
 
Такая імпрэза ‒ гэта цудоўная магчымасць для парафіянаў не толькі адпачыць душой, але і пазнаёміцца адзін з адным, разам правесці час. Ад імя парафіянаў выказваем шчырыя словы ўдзячнасці ксяндзу Уладзіміру Шыдлоўскаму за арганізацыю і праведзенне свята! Няхай Бог яму адудзячыць. А ўсім нам жадаем плённага перажывання Адвэнту!
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч