23 верасня амаль усе жыхары Браслава (а, можа, і Беларусі – не ведаю) атрымалі SMS: 24 и 25.09 – сильный ветер и дожди. Будьте внимательны и осторожны”.  Ну, думаю, усё:  змокну, змерзну ў той Аглоне, і будзе мне абсалютна абыякавы Папа і ўсё, што ён скажа.
 
24-га раніцай сапраўды дажджыла. Ля будынка насупраць касцёла збіраліся пілігрымы, дзелячыся радасным хваляваннем ад  будучай сустрэчы са Святым Айцом і трывогамі наконт надвор’я.  Неўзабаве прыехалі аўтобусы. Спісы удзельнікаў правераны,  вырушаем. 
 
Усю дарогу ліло, як з цэбра, зрэдку перапыняючыся на гідкую імжу. Хтосьці спаў (ці спрабаваў спаць), хтосьці маліўся, некаторыя размаўлялі між сабой ці слухалі досціпы кіроўцы. Прыкладна праз пяць гадзін абодва замоўленыя  парафіяй аўтобусы разам з пасажырамі былі ў Аглоне. І – о, дзіва! – дождж перастаў.
 
Аглона – гэта невялікі латвійскі гарадок за 40 км ад Даўгапілса паміж азёрамі Цырыш і Аглонскім. Назва яго паходзіць ад… ёлкі, бо ў перакладзе з латвійскай мовы “аглона” азначае “лес з ёлак”.  Найбольшай мясцовай славутасцю з’яўляецца Базыліка Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з цудоўным абразам Маці Божай. Гэта – найбольшы санктуарый Латвіі. Тут, у 1993 маліўся святы Ян Павел ІІ. Тут, дваццаць пяць гадоў пазней, цэлебраваў Святую Імшу Папа Францыск. 
 
Літургія планавалася а 16.30, але Папа прыляцеў гадзіну раней.  У небе з’явіўся верталёт, і, прысутныя на пляцы пачалі заўзята махаць сцяжкамі ці проста рукамі,  але ў ім – не было Папы. Загудзеў другі верталёт, ізноў, закінуўшы галовы, пачалі махаць – але і ў ім не было Папы. І толькі калі трэці з верталётаў зрабіў два кругі над сабранымі, і яны ўбачылі праз шкляныя дзверы белую фігуру,  зразумелі – Папа ёсць сярод нас. Неўзабаве маглі  ўбачыць яго зблізку, калі праязджаў між сектарамі і дабраслаўляў верных. Ён выглядаў зняможаным. Можа, таму цэлебрацыя Святой Імшы распачалася раней і трывала досыць коратка.
 
Дэвізам папскага візіту ў Латвію з’яўляюцца словы: «Пакажы нам сваю Маці», таму ў літургіі чытаўся ўрывак з Ян 19, 25-27. У гаміліі Святы Айцец адзначыў, што тут, у Аглоне, Божая Маці знаходзіцца сярод нас, аб’яднаных малітвай. Святы Ян паказвае нам дзве падзеі, калі жыццё Езуса сыходзіцца з жыццём Яго Маці: вяселле ў Кане Галілейскай (Ян 2, 1-12) і укрыжаванне (Ян 19, 25-27). Здавалася б, што евангеліст хоча нам паказаць Марыю ў супраціўных сітуацыях радасці і смутку. Калі ж увойдзем у таямніцу Слова, Марыя акажацца Добрай Навіной, якою Пан хоча з намі падзяліцца. 
 
Марыя рашуча стаіць пад крыжам, “прыбітая” да яго падножжа. Ніхто і нішто не можа Яе зрушыць з гэтага месца. Стаіць каля тых, каго ўвесь свет пазбягае. Хто не толькі прыгнечаны, асуджаны ці дэпартаваны, але знаходзіцца “па-за сістэмай”, на маргінэсе грамадства. Разам з імі прыбітая да крыжа незразумення і пакутаў.
 
Такім чынам, Марыя паказвае нам стыль жыцця. У чалавеку, які церпіць, - адкрытыя раны Яе Сына, Езуса. І мы павінны дакрануцца да гэтых ранаў далікатна і чула. Нашы сустрэчы з гаротнікамі не павінны быць “турыстыкай салідарнасці”, але прыняццем іх як братоў і жыццём разам. 
 
Часам гэта балюча, пра што сведчаць канфлікты ў сем’ях і між народамі. У такіх сітуацыях Марыя з’яўляецца для нас прыкладам прабачэння,  не дазваляе крыўдам і недаверу паглынуць сябе. Не раздумвае: “Што было б, калі…” сябры, святары, грамадства іначай аднясліся да Яе Сына. Марыя верыць Езусу і прымае Яго вучня, таму што ўзаёміны, якія нас вызваляюць і аздараўляюць, -- гэта ўзаёміны сустрэчы і братэрства, бо ў іншым адкрываюць самога Бога. 
 
Ля падножжа крыжа Марыя нагадвае нам, што мы – Яе дзеці. Яна хоча адарыць нас сваёй адвагай, каб моцна стаялі на нагах, сваёй пакорай, якая дазваляе трываць у сучаснасці, і воляй, каб мы маглі прыняць адзін аднаго без дыскрымінацыі.
 
Словы Папы тлумачыліся па-латвійску. Пілігрымы з іншых краін маглі слухаць пераклад праз інтэрнэт.  На плошчы перад базылікай панавала ціша і засяроджанасць.  Задумліва калыхаліся нават шарыкі з чырвонымі крыжамі над палаткамі медычнай дапамогі. А цёмныя хмары ўпарта зацягвалі неба, рызыкуючы “расплакацца” ад напружанай працы, што і сталася падчас Святой Камуніі.  Аднак пераменлівае надвор’е не сапсавала добрага настрою. 
 
Пасля заканчэння Літургіі Святы Айцец, зрабіўшы на верталёце ганаровы круг, паляцеў у Літву. А шматлікія вернікі выставіліся ў чаргу, каб ушанаваць цудоўны абраз Маці Божай Аглонскай. 
На жаль, не ўдалося наведаць саму базыліку, у якую не пускалі спачатку з-за Папы, а потым – з-за Прэзідэнта Латвіі, які там знаходзіўся разам з жонкай і прадстаўнікамі ўрада. Затое можна было пагуляць па прылеглай тэрыторыі, паесці  і набыць што-кольвек на памяць. 
 
Вярталіся мы лагодным вечарам. Досыць хутка сцямнела, і калі гарадскія агні ўжо засталіся ззаду, у месячным святле вераснёвай поўні мы дзякавалі Богу за цудоўна праведзены час.
 
С. Іна Амельчанка SJE