У суботу 22 верасня ў манастыры сясцёр-эўхарыстак адбылася сустрэча ўсіх жадаючых бацькоў і выхавацеляў з псіхолагам Таццянай Гайдамовіч. Ініцыятарам семінара стала сястра-эўхарыстка Ганна Мізавец, якая ў мінулым годзе праводзіла катэхезы для дарослых.
 
Падчас сустрэчы Таццяна Аляксандраўна, якая працуе псіхолагам у Магілёўскім абласным наркалагічным дыспансеры, распавяла бацькам пра асаблівасці ўзаемаадносін з дзецьмі і дала канкрэтныя парады для іх паляпшэння. У гэты вечар спадарыня Таццяна дапамагла прысутным разабрацца ў асноўных памылках дзіцяча-бацькоўскіх зносін, пазнаёміла з рознымі стылямі бацькоўскага выхавання, абмеркавала сутнасць канфліктаў і крызісаў і падзялілася прынцыпамі гарманічнага сямейнага выхавання.
 
Тэму бацькоў і дзяцей называюць «вечнай». Сапраўды, усе адказныя бацькі маюць шмат пытанняў у выхаванні дзяцей, часта сумняюцца, ці правільна чыняць і хочуць даведацца, як канкрэтна наладзіць узаемаадносіны. Дадзены семінар даў магчымасць прысутным паглядзець на свае праблемы збоку і пашукаць адказы і парады ў спецыяліста. Просім Бога аб добрых плёнах дадзенай сустрэчы і дзякуем с. Ганне за клопат пра сем’і парафіі і арганізацыю сустрэчы!
 
Святлана Жылевіч