Што ж такое свабодны саюз або грамадзянскі шлюб? Калісьці пад гэтымі словамі меліся на ўвазе сямейныя адносіны не асвечаныя сакрэмэнтам шлюбу і без Касцёльнага бласлаўлення.
 
Сёння гэта паняцце азначае, што маладыя людзі, якія жывуць разам, «забыліся» наведаць не толькі  Касцёл, але і ЗАГС. І матывуюць яны сваю непамятлівасць тым, што штамп у пашпарце, у прынцыпе, нікому не патрэбен, што ён абмяжоўвае індывідуальную волю і ўскладняе права чалавека на выбар новага партнёра. Дарэчы, менавіта гэты факт ‒ магчымасць нібы «застацца вольным» ‒ часцей за ўсё прыцягвае прыхільнікаў незарэгістраванага сужыцця. Не трэба імкнуцца спадабацца сваякам жонкі, мець агульны бюджэт і адчуваць сябе вінаватым, калі пару разоў «схадзіў налева». Але, на жаль, практыка паказвае, што такая воля вельмі часта аказваецца зманлівай. Гэта пацвярджаюць шматлікія скаргі, якія можна пачуць ад няўдачлівых «сужонкаў»: «Мы жылі ў грамадзянскім шлюбе, а зараз я зацяжарыла, а ён патрабуе аборту», «Я зарабіў, а яна забрала ўсё і сышла», «Я думала, у нас сям'я, а ён...», і гэтак далей і таму падобнае.
 
Для жанчын грамадзянскі шлюб ‒ гэта ілюзія таго, што яна замужам, а для мужчын ‒ ілюзія таго, што ён вольны.
 
Тыя, хто адважваецца на сакрамэнтальны шлюб, прысягаюць адзін аднаму ў любові, вернасці і сумленнасці да канца жыцця, канчаткова і безумоўна. Яны пры сведках, у пісьмовай форме і ў прысутнасці Бога, сцвярджаюць, што не пакінуць адзін аднаго да смерці, у добрым і складаным лёсе. Сакрамэнтальны шлюб з'яўляецца найвялікшым шлюбам любові, які толькі магчымы, паміж мужчынам і жанчынай. Гэтая ўнікальная шлюбная любоў ‒ не чалавечая выдумка, гэта прапанова самога Творцы. Нашыя чалавечыя ўяўленні пра ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай не дасягаюць такой глыбіні, абмяжоўваюцца да розных версій грамадзянскага шлюбу або так званага «свабоднага» саюзу. Гэта ўнутрана супярэчлівы выраз, таму што ёсць саюз, які не яднае. Можа існаваць саюз, заснаваны на глыбокай любові, альбо саюз на аснове цялесных жаданняў, на пачуцці любові, або на страху адзіноты, дамінавання ці падпарадкавання. У «свабодных» адносінах абодва бакі пакідаюць за сабой права ў любы час пакінуць свайго «партнёра».
 
Так званы свабодны саюз мае вельмі нетрывалы падмурак. Абодва партнёры не могуць сказаць з упэўненасцю, як доўга падоўжацца іх адносіны, бо ніхто з іх не даваў ніякіх гарантый. Ім цяжка вырашыцца набыць дарагія рэчы, небяспечна рабіць фінансавыя ўкладанні, бо не вядома, каму гэта будзе належаць заўтра. З юрыдычнага пункту гледжання, вольны саюз ‒ гэта вялікая рызыка. Напрыклад, у выпадку смерці аднаго з сужыцеляў уся сумесна нажытая маёмасць адыдзе афіцыйным сваякам. З-за ненадзейнасці адносін, пара ў вольным саюзе рэдка вырашаецца мець дзяцей, ну а калі ўзнікае цяжарнасць, то ў большасці выпадкаў яна заканчваецца абортам. Нярэдка можна пачуць дзяўчын, якія скардзяцца, што сужыцель выгнаў іх з хаты, калі даведаўся, што яны чакаюць дзіця.
 
Сакрамэнтальны шлюб адрозніваецца ад усіх іншых злучэнняў мужчын і жанчын, таму што толькі ў гэтых адносінах двое людзей прысягаюць адзін аднаму, што ад гэтага часу ніводзін чалавек, ні цяпер, ні ў будучыні, не стане для яго больш важнымі, чым яго другая палавіна. Верная любоў, прапанаваная Богам, да самай смерці зачароўвае і прыцягвае людзей наступных пакаленняў. Кожная жанчына і кожны мужчына хоча быць упэўнены, што з’яўляецца для іншага чалавека, кімсьці асаблівым, і што ў гэтых адносінах нічога не зменіцца да самай смерці. Толькі тады чалавек можа смела даверыць свой лёс іншаму чалавеку, і толькі тады можна ў радасці і шчасці чакаць нараджэння дзяцей. Бог стварыў нас паводле свайго вобразу. Гэта азначае, што кожны чалавек варты любові назаўсёды і беспаваротна.
 
Вопыт пацвярджае, што муж  і жонка, якія верна любяць адзін аднаго, могуць пераадолець усе перашкоды. Яны застаюцца моцнымі і шчаслівымі перад тварам цяжкай хваробы, беспрацоўя ці адукацыйных цяжкасцяў, сціплых матэрыяльных умоў.
 
С. Ганна Мізавец SJE