Вернікі браслаўскай парафіі ўжо прызвычаіліся часта бачыць у сценах сваёй святыні біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, які прыязджае сюды адведаць бацькоў ці на мерапрыемствы дыяцэзіяльнага масштабу. Аднак на гэты раз прычынай візіту іерарха ў нашу парафію стала кананічная візітацыя.

Кананічная візітацыя біскупа ‒ гэта афіцыйнае наведванне ім парафіі. Біскуп, як наступнік апосталаў, жадае разам з вернікамі перажываць радасць хрысціянскай веры; больш глыбока знаёміцца з жыццём парафіі, яе душпастырскай і гаспадарчай сітуацыяй. Ардынарый дыяцэзіі знаёміцца са справай катэхізацыі ў парафіі і іншымі формамі душпастырскай працы, якія існуюць у парафіі. 

Кананічная візітацыя біскупа Алега Буткевіча ў Браславе распачалася 8 верасня, у дзень парафіяльнай урачыстасці ў гонар Нараджэння Маці Божай і завершылася 10 верасня. У гэтыя дні іерарх не толькі маліўся разам з вернікамі ў святыні і прапаведваў ім Божае слова, але і сустрэўся з удзельнікамі розных малітоўных рухаў, наведаў капліцу і хворых у гарадской бальніцы, сустрэўся з жыхарамі дома-інтэрната для інвалідаў і састарэлых.

«Я, як душпастыр хачу прывітаць біскупа Алега ў яго роднай парафіі, ‒ адзначыў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. ‒ Цешымся, што ты нас наведваеш. Святы Павел у Першым пасланні да Карынцянаў піша пра сябе самога і іншых апосталаў: “Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі Божых таямніц”. Біскуп ‒ наступнік апосталаў перад усім з’яўляецца слугой Хрыста і менавіта як такога, вітаем цябе, шануючы як біскупа. Святы Ян Павел ІІ напісаў, што пастырская візітацыя з’яўляецца душой біскупскай паслугі, духоўнай прысутнасцю біскупа сярод верных. Глыбока верым, што праз тваю паслугу Божага слова і ўдзяленне святых сакрамэнтаў, сплыве на нас велізарная Божая ласка».

У першы дзень візітацыі пробашч нагадаў біскупу і вернікам гісторыю нашай парафіі, распавёў пра дзейнасць сальватарыянаў і сясцёр эўхарыстак. Святар нагадаў, што ў нас існуюць некалькі малітоўных рухаў (а з нядзелі 9 верасня пачалі малітву і дзве групы апостальскага руху «Маргарытка», у якіх вернікі будуць маліцца за біскупа Алега і ксяндза Станіслава). У нашай супольнасці існуе таксама хор, музычны гурт моладзі «AlisFamily» і падлеткавы «ExAnima», а таксама тэатральны калектыў. 

«Ксёндз біскуп, вітаючы цябе ў нашай супольнасці, выказваю вялікую ўдзячнасць за дапамогу, за працу, усё, што робіш, каб гэта парафія была сапраўды жывой духам», ‒ дадаў ксёндз Станіслаў.

«Мне пашчасціла нарадзіцца тут. Пан Бог пакіраваў так, што, як бачыце, маю магчымасць наведаць маю парафію сёння, ‒ адказаў біскуп Алег Буткевіч. ‒ Гэта асаблівы візіт, афіцыйны, і таму пачуцці мае змешаныя. Але Касцёл у сваёй мудрасці вызначае, як што павінна адбывацца і таму сёння я з вамі ў сваім сэрцы адчуваю ўдзячнасць Пану Богу, Найсвяцейшай Панне Марыі, нараджэнне якой мы сёння святкуем, за тое, што магу з вамі маліцца».

Біскуп адзначыў, што паколькі сам паходзіць з браслаўскай парафіі і часта тут бывае, то больш – менш уяўляе, як выглядае парафіяльнае жыццё, але для вернікаў візітацыя ‒ гэта таксама магчымасць задаць пытанні біскупу, размаўляць з ім на праблемныя тэмы. 

Тэкст: Святлана Жылевіч

Фота: Ірына Гайдамовіч

Частка I

Частка II