Наступіў месяц верасень, а гэта значыць, што скончыўся летні адпачынак для школьнікаў і студэнтаў і ўжо час брацца за вучобу. Па традыцыі, на пачатак школьнага і катэхетычнага года ў нашай парафіі адбылося благаслаўленне выхавацеляў, настаўнікаў і навучэнцаў, а таксама асвячэнне школьных прыналежнасцяў.
 
У нядзелю 2 верасня падчас Імшы ў 11 гадзін пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд заахвоціў прысутных маліцца ў інтэнцыі добрых плёнаў навучальнага года і нагадаў пра абавязак бацькоў паклапаціцца пра катэхезацыю іх дзяцей. Запісацца на катэхезу неабходна ў сакрыстыі да 9 верасня, а з раскладам заняткаў можна азнаёміцца на дошцы аб’яваў і на нашым сайце. Працягнуцца катэхезы і для дарослых.
 
У гаміліі ксёндз Станіслаў разважаў над грахом крывадушнасці, які ў сённяшнім урыўку з Евангелля асудзіў Хрыстус. Святар заахвоціў, каб парафіяне паглядзелі на сябе збоку і стараліся пазбыцца няшчырасці, ілжывасці і «фарысейства» ў сваім жыцці.  
 
«Памятайма, каб нашыя думкі і ўсё, чым напоўнена сэрца, былі такімі, як навучае Езус Хрыстус. Каб наша пабожнасць выражалася ў шчырым, пакорным сэрцы», ‒ дадаў ксёндз Станіслаў.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч