17 жніўня святой Імшой увечары распачаліся ўрачыстасці ў гонар цудоўнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Узначаліў Эўхарыстыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
 
Падчас літургіі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт прынялі 58 чалавек з Віцебскай дыяцэзіі.
 
На пачатку літургіі біскуп Віцебскі, браслаўчанін, Алег Буткевіч, прывітаў усіх пілігрымаў, якія прыйшлі ці прыехалі на роварах, святароў, кандыдатаў на бежмаванне, а таксама ўсіх прысутных. Біскуп падкрэсліў, што сакрамэнт прымаюць вернікі з розных куткоў дыяцэзіі. «Жадаем, каб Дух Святы даў вам гэтую моц, каб сталіся вы сведкамі Езуса Хрыста Уваскрослага, каб вы былі сведкамі Яго любові, міласэрнасці і дабрыні, каб маглі быць мужнымі вызнаўцамі нашай хрысціянскай веры»  ̶  скіраваў сваё слова да кандыдатаў да сакрамэнту бежмавання біскуп.
 
Падчас гаміліі біскуп Юры Касабуцкі, каменуючы Літургію слова, між іншым сказаў, што вернікі ўпадабняюцца да апосталаў, якія з-за страху перад габрэямі знаходзяцца за зачыненымі дзвярамі, хаця яшчэ некалькі дзён таму бачылі Хрыста, Які паслаў іх прапаведаваць Евангелле і хрысціць. «Колькі сумненняў, перажыванняў магло быць у апосталаў, але Дух Святы напаўняе іх і ў гэты момант адчыняюцца дзверы і яны выходзяць на вуліцу. Яны атрымалі ўнутраную духоўную сілу… Дух напоўніў іх мужнасцю, сілай і ўсімі дарамі…Дух Святы дапамагаў ім сведчыць пра Уваскрослага Хрыста розным народам, хаця яны былі неадукаванымі»  ̶  дадаў біскуп.
 
Біскуп Юрый узгадаў пра пагрозы веры, якія існуюць у сучасным свеце, просячы кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі і ўсіх вернікаў не зважаць на іх, а аддана ісці за Хрыстом і быць верным храсціянскім каштоўнасцям. «Сёння таксама мы патрабуем дароў Духа Святога…Мы атрымліваем гэтыя дары і нашае заданне дзяліцца імі, мы павінны дзяліцца нашай верай, добрымі словамі, добрымі ўчынкамі з іншымі»  ̶  дадаў біскуп і прыпомніў, што кожны хрысціянін павінен быць добрым хрысціянінам. «Сакрамэнт канфірмацыі мы прымаем для мужнага вызнавання веры і жыцця паводле яе правіл… Дух Святы дзейнічае ў нас, толькі мы павінны рабіць свой выбар, выбар ісці за Хрыстом, за каштоўнасцямі, якія прапаведуем, ведаючы, што там, наперадзе, Ён чакае нас у сваім Валадарстве, каб зрабіць нас шчаслівымі».
 
Пасля святой Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Уладзіміра Неўдаха.
 
Людміла Бурлевіч, фота Ірыны Гайдамовіч