Перад урачыстасцямі да Маці Божай Валадаркі Азёраў прыйшлі і прыехалі тры пілігрымкі.
Адна роварная пілігрымка прыехала з Глыбокага, Дзеркаўшчыны, Канстанцінава, Ушачаў і Шаркаўшчыны, у пілігрымцы прыехалі 11 чалавек, сярод іх 4 святары. Як сказаў святар Андрэй Кулік з Дзеркаўшчыны, кожны ехаў са сваёй інтэнцыяй, а таксама ў інтэнцыях дыяцэзіі. У дарозе пілігрымка была 4 гадзіны, не ўлічваючы адпачынкаў. На роварах прыехала таксама пілігрымка з Пастаў, прыехала іх 16 чалавек.
 
96 чалавек прыйшло да Валадаркі Азёраў з Глыбокага і ваколіц, пілігрымы прайшлі 80 кіламетраў. Ксёндз Мікалай Ціхановіч сказаў: «Гэта наша пятая пілігрымка, можна сказаць, гэта маленькі юбілей. Цешымся, што далучаюцца да нас маладыя людзі з розных парафій. Мы прыйшлі ў дыяцэзіяльны санктуарый, а аўтарытэт санктуарыя паднімаецца яшчэ такім чынам, што да яго прыходзяць пілігрымкі. І мы вельмі шчаслівыя, што Глыбоцкая парафія гонар санктуарыя такім чынам можа ўшанаваць».
 
«Гэта мая чацвёртая пілігрымка за лета. На шляху я ўзрастаю ў веры да Бога. Гэтыя тры дні былі для мяне самымі шчаслівымі: не існуе гэтага свету, у шляху я спяваю, малюся, тут я адпачываю душой і сэрцам. Мне ўжо 70 з гакам…» - прызнаўся Барыс з Віцебска.
 
Усе пілігрымкі прывітаў кусташ санктурыя кс. Станіслаў Мжыглуд. Ксёндз выразіў сваю радасць ад таго, што пілігрымы прыходзяць да Маці Божай. Святар запрасіў пілігрымаў да алтара са словамі: «Просім у Бога аб патрэбныя дары, каб вашаё вандраванне было для ўсіх сілай і моцай, а Марыя была разам з вамі».
 
Людміла Бурлевіч, фота Ірыны Гайдамовіч