Як і ў папярэднія два гады, Школа спеваў сабрала ў Санктуарыі Маці Божай Браслаўскай шмат маладых і сталых людзей, якія пажадалі працягнуць ці толькі пачаць асваенне азоў касцёльнага  спеву і прыняць удзел ва ўрачыстасцях услаўлення Валадаркі Азёраў, супольным спевам  надаць галоўнай святой імшы асаблівую ўрачыстасць.
Традыцыйна сярод навучэнцаў большасць  жыхароў Браслаўшчыны, але ёсць і тыя, якія прыехалі з іншых гарадоў нашай краіны – Віцебска, Барысава, Мінска, Полацка і Наваполацка.
 
З раніцы да вечара вакол касцёла гучыць музыка.
Кіраўнік Школы Уладзімір Неўдах, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, галоўны  арганіст Архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Дзевы Марыі ў Мінску праводзіць заняткі са зводным хорам удзельнікаў Школы, рыхтуючы спевы  для канцэрта і да ўрачыстасці.
 
Выкладчык Школы Вольга Янум, галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы  Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы, выкладчыца Беларускай акадэміі музыкі і кіраўнік аматарскага хору SALUTARIS, рэгент хору ў гонар іконы Багародзіцы “Усіх смуткуючых радасць” у Мінску праводзіць заняткі па пастоноўцы голасу.
 
Вельмі важннае значэнне ў Школе мае ўдзел дзяцей. Яны не толькі спяваюць у хоры, але і граюць на розных інструментах пад кіраўніцтвам Алены Сакамота, выкладчыцы вакала, канцэртмайстра,  арганісткі мінскай парафіі Яна Хрысціцеля.
 
У нашым касцёле і ў музычнай школе ўжо адбыліся канцэрты, у якіх прагучалі творы Вівальдзі, Гендэля, Моцарта і Баха ў выкананні выкладчыкаў Полацкай і Наваполацкай ДМШ Наталлі Захаравай, Ірыны Шульжэнка-Суханавай, Ілоны Манько і  іх вучняў Аляксандры Манько, Дарыя Абрамовіча.
 
Клопат пробашча парафіі ксяндза Станіслава Мжыглуда, супольная малітва, ахвярнасць парафіянаў, гасціннасць сясцёр эўхарыстак садзейнічаюць плённай творчай працы і ўтвараюць адпаведную атмасферу пранікнёнасці і шчырасці.
 
фота -  Алена Каспаровіч