14 жніўня ў Браславе сястра Лілія Дарожка склала вечныя манаскія абяцанні ў Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі. Урачыстую Літургію ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
 
На малітву сабраліся не толькі святары, сёстры і родныя, а таксама вернікі парафій, у якіх працавала і цяпер нясе служэнне сястра Лілія. Біскуп Алег у сваёй гаміліі прыгадаў словы Хрыста аб тым, што жыццё чалавека падобна да зярнятка, якое, каб прынесці багаты плён, павінна памерці. Нашае жыццё павінна круціцца вакол Бога, як Зямля вакол Сонца, не даючы месца свайму эгаізму. 
 
Пасля гаміліі і Літаніі да ўсіх Святых сястра Лілія скала на ўсё жыццё абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці. З гэтага моманту яе жыццё належыць выключна Хрысту. 
 
Таксама падчас Літургіі сястра Іна Амельчанка і сястра Кацярына Папакуль аднавілі свае манаскія шлюбы на год, якія складалі на рукі Настаяцельніцы Дэлегатуры сястры Антаніны Багдановіч.
 
С.Таццяна Гмыза