13 жніўня ў баварскім абацтве Святой Адыліі Эльзаскай (Erzabtei Sankt Ottilien) распачаўся XIX-ы Генеральны Капітул Таварыства Боскага Збаўцы - Сальватарыянаў, які працягнецца да 6 верасня. У ім удзельнічаюць дэлегаты з усяго свету. Падчас капітула вырашаць, хто будзе кіраваць Ордэнам у бліжэйшыя шэсць гадоў.
 
Капітул таксама пакліканы каардынаваць дзейнасць законнікаў ва ўсім свеце, увесці новыя прапановы на шэсць гадоў і вызначыць задачы. Удзельнікі гэтага пасяджэння абменьваюцца вопытам, а так сама перажываюць час глыбокай малітвы і веры.
 
Эмблема XIX Генеральнай Капітулы Таварыства Боскага Збаўцы,якую распрацаваў кс. Вяслаў Стэмпак SDS,  выражае жаданне ажывіць сальватарыянскі запал. У межах святкавання 100-й гадавіны смерці заснавальніка сальватарыянаў айца Францішка Ярдана (1918-2018) паўстае жаданне, каб яго словы “Ідзіце(...) і запаліце ўсіх!” па-новаму загучалі ў сэрцах. Такім чынам Генеральная Капітула можа стаць сапраўднай магчымасцю,  каб сальватарыяне захапіліся апостальскім духам заснавальніка і былі нанова разасланыя як “апостальская супольнасць” з мэтай абвяшчаць адзінага і праўдзівага Бога і Яго добрую навіну аб збаўленні. Далонь, якая трымае лямпу, сімвалізуе сальватарыянскае апостальскае пакліканне, мэта якога падтрымліваць і распальваць полымя збаўлення ў кожнай частцы свету. Жоўтае полымя паказвае на крыніцу святла- Збаўцу Езуса, які асвятляе наша існаванне. Крыж, які знаходзіцца ў сярэдзіне полымя нагадвае пра апостальскую місію сальватарыянаў, якая з’яўляецца не проста звычайным чалавечым заданнем, але накіраваная Духам укрыжаванага і ўваскрэслага Пана. Менавіта ў гэтым Духу сальватарыяне абвяшчаюць і з’яўляюцца сведкамі адвечнай любові праўдзівага Бога.
 
Лініі, якія перасякаюць эмблему, заахвочваюць узгадаць цяжкія хвіліны ў сальватарыянскай гісторыі.
 
Cёння, як ніколі раней, сальватарыяне пакліканыя сумленна абвяшчаць Евангелле, а таксама адважна крочыць наперад распаленымі агнём Духа Святога і пасланымі, каб запаліць полымя веры іншых.
 
Цяпер у Таварыства Боскага Збаўцы ўваходзіць каля 1200 чалавек, якія працуюць у 40 краінах.
 
 
Анжаліка Пілат