Трэцяя пілігрымка матацыклістаў да месца спалення росіцкіх пакутнікаў і жыхароў вёскі нямецка-фашысцкімі захопнікамі вырушыла 3 жніўня. Узначаліў  яе ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі SDS.
 
У гэтым годзе на пілігрымку сабралася 13 чалавек, сярод іх 3святары: ініцыятар   ̶  кс. Уладзімір, кс. Кшыштаф з Мёраў і а. Пётр з Нарачы.  «Гэта менш, чым у папярэдія гады, ̶  прызнаецца кс. Уладзімір, ̶  на жаль не ўсе жадаючыя змаглі вырушыць у пілігрымку з-за таго, што гэта працоўны дзень» – дадаў святар. 
 
«Мэта пілігрымкі – прыпамінанне трагедыі, што адбылася ў Росіцы, прыпамінанне аб гераічным учынку святароў, якія не пакінулі сваю паству. Я прымаў удзел у пілігрымцы ў Чэнстахову на матацыклах і гэта мяне натхніла, каб і ў нас зрабіць такую. Хочацца спалучыць захапленне (хобі) з верай, і дзяліцца гэтым з іншымі людзьмі» – сказаў кс. Уладзімір.
 
«Ужо трэці раз я еду на матацыкле ў Росіцу – падзяліўся адзін з удзельнікаў Віталь Рагоўскі.  ̶  Еду перш за ўсё, каб памаліцца за людзей, якіх там спалілі, але таксам за людзей усяго свету, каб не было войнаў, каб людзі адмовіліся ад зброі і ад усяго таго, што парушае супакой і разбурае свет, каб у свеце была толькі любоў, каб людзі любілі адзін аднаго і каб верылі ў Бога – гэта самае галоўнае». 
 
Пасля малітвы ў касцёле за памерлых жыхароў Росіцы і загінуўшых матацыклістаў пілігрымы вырушылі ў дарогу. 
 
Людміла Бурлевіч