Усебеларускія рэкалекцыі цвярозасці пройдуць 19–22 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе. Наведаць іх могуць залежныя і сузалежныя ад алкагалізму і наркаманіі асобы.
 
У нашай краіне, у тым ліку і горадзе, многія вернікі пакутуюць ад праблемы алкагалізму. Часта гэта сузалежныя людзі ‒ тыя, хто не самі ўжываюць алкаголь, але іх родныя і блізкія. Таму не трэба баяцца прызнацца сабе ў праблеме, але варта выкарыстаць магчымасць таго, што менавіта ў нас адбудуцца рэкалекцыі, на якіх можна будзе пашукаць выйсце са сваіх складаных сітуацый.
 
Узяць удзел у рэкалекцыях запрашаюцца таксама ўсе неабыякавыя да праблемы алкагалізму і наркаманіі. Арганізуе рэкалекцыі душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі ў супрацоўніцтве з кс. Андрэем Бочарам MS.
 
Падрабязнасці па тэлефоне:
+375 (33) 325 57 64 – Юрый Гапонік
 
Для інфармацыі: беларусы па-ранейшаму застаюцца аднымі з сумных лідараў па колькасці ўжывання спірту на чалавека ад агульнай колькасці насельніцтва. Важную ролю ў дапамозе залежным адыгрываюць групы Ананімных Алкаголікаў. А вось з духоўнай дапамогай прыходзіць Касцёл: пры парафіях ствараюцца душпастырствы цвярозасці, арганізоўваюцца сустрэчы альбо рэкалекцыі, у Бягомлі пры каталіцкай парафіі працуе Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў. Рэкалекцыі ў Браславе — адна са штогадовых ініцыятыў. Два разы на год рэкалекцыі праходзяць у Баранавічах, адзін раз у Гродне, а таксама праводзяцца сямейныя рэкалекцыі ў Далёкіх.
Падрыхтавала Святлана Жылевіч