26 мая ў базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Тшэбіні (Польшча) адбылося святарскае пасвячэнне пяці дыяканаў з закону сальватарыянаў. Сярод іх быў і наш зямляк, ужо ксёндз Яўген Жукоўскі. На гэтую ўрачыстую святую Імшу прыбыў пробашч нашай парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, а таксама бацькі, родныя і знаёмыя новапрэзбітэра.
 
Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Катавіцкай архідыяцэзіі Адам Вадарчык, які ўдзяліў дыяканам сакрамэнт святарства. А сёлета сярод іх былі прадстаўнікі з Польшчы (2 святары), Чэхіі, Гандураса і Беларусі.
 
Да гэтай падзеі будучыя святары рыхтаваліся не толькі падчас навучання ў семінарыі, але і праз удзел у рэкалекцыях, апошнія з якіх адбыліся напярэдадні святарскага пасвячэння ‒ з 20 па 25 мая. Гэты час стаў для іх часам асаблівага роздуму над сваім пакліканнем і прыватнай сустрэчай з Богам перад прыняццем важнага рашэння.
А ў нядзелю 27 мая ў парафіі Святога Юды Тадэвуша і св. Антонія Падуанскага ў Абарніках Слёнскіх адбылася прыміцыйная святая Імша ксяндза Яўгена. Менавіта ў гэтай супольнасці ён праходзіў практыку. 
 
Вернікі браслаўскай парафіі радуюцца разам з новапрэзбітарам і жадаюць яму моцнай веры, вытрымкі і шчырасці перад самім сабой і перад Богам на абраным святарскім шляху. Няхай яго жыццё і служэнне прынясе дабро і супакой у сэрцы людзей, няхай як мага больш людзей пазнаюць і палюбяць Бога, дзякуючы яго адданай працы.
 
Нагадаем, што першая (прыміцыйная) святая Імша ксяндза Яўгена Жукоўскага SDS у нашай парафіі адбудзецца ў нядзелю 24 чэрвеня ў 11 гадзін. Шчыра запрашаем на літургію, у канцы якой новапрэзбітэр удзеліць прыміцыйнае благаслаўленне.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевічa
Фотa: Эва Плонка (Ewa Płonka)