11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворага, які быў устаноўлены ў 1992 годзе па ініцыятыве Папы Яна Паўла ІІ. У нашай парафіі важнай, а разам з тым складанай справай душпастырства хворых займаецца кс. Адам Квяткоўскі, сальватарыянін. Сёння ён наведвае пацыентаў браслаўскай бальніцы, жыхароў дома-інтэрната ў г. Браславе і аддзялення кругласутачнага знаходжання для інвалідаў і састарэлых у в. Баруны, а таксама хворых ва ўласных дамах.
Дапамагаюць у гэтым душпастырстве і іншыя святары парафіі. У сваю чаргу сёстры-эўхарысткі праводзяць сустрэчы-катэхезы з падлеткамі Браслаўскага абласнога дзіцячага супрацьтуберкулёзнага цэнтра і з асобамі з асаблівасцямі развіцця ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 
 
Пра асаблівасці служэння хворым, а таксама парадамі ў перажыванні хворобы з намі падзеліцца кёндз Адам Квяткоўскі SDS. 
 
‒ Ксёндз Адам, раскажыце пра сваё служэнне хворым - як Вы адчулі такое пакліканне і як яно сёння ў Браславе рэалізуецца? 
 
‒ Калі я думаў пра пачатак свайго паклікання служыць хворым, то ўзгадаў, што ў той час, калі быў міністрантам у маёй роднай парафіі, улады мясцовай бальніцы далі магчымасць святарам кожную нядзелю цэлебраваць святую Імшу ў сталовай бальніцы. Некалькі разоў я, як міністрант, удзельнічаў у такой літургіі. Тады для мяне было вельмі незвычайным убачыць на святой Імшы людзей у піжамах і халатах, бо да гэтага моманту бачыў толькі вернікаў у касцёле ў святочным адзенні. Напэўна, тут быў пачатак. І цяпер разумею, што той момант быў ад Бога, каб паказаць мне, каму неабходна дапамога. 
 
Пасля, ужо на першым курсе духоўнай семінарыі, кожнаму клерыку неабходна было ўдзельнічаць у якой-небудзь супольнасці (місійнай, дапамагаць дзецям-сіротам, хворым і інш.). Тады я абраў харытатыўную супольнасць: наведваў састарэлых людзей у вёсцы, дзе знаходзілася наша семінарыя (маліўся з імі, дапамагаў у хатніх справах). Таксама раз на месяц я разам з іншымі ездзіў у дом-інтэрнат для хворых і састарэлых у горадзе Вроцлаў. Таксама аднойчы дапамагаў інвалідам у летнім лагеры для іх. Гэта быў асаблівы досвед: я жыў у адным пакоі з хворым чалавекам і шмат у чым даводзілася яму дапамагаць. Тады было адкрыццём для мяне, што мы патрабуем адзін аднаго: хворы патрабуе нашай фізічнай і духоўнай дапамогі, а здаровым патрэбны хворыя, каб дзяліцца сабою, сваёй чалавечнасцю, каб памятаць - я толькі чалавек. А ў харытатыўнай супольнасці ўдзельнічаў да канца навучання.
 
Місія святара ‒ гэта цэлебраваць святую Імшу і даваць Хрыста ў Эўхарыстыі не толькі тым вернікам, якія ў святыні, але і тым, хто не можа прыйсці ў касцёл. Гэта маё разуменне святарства як служэння і Хрысту, і людзям дае мне напрамак, каб ісці да хворых у бальніцы, у іх дамы. Таму пасля атрымання святарскага пасвячэння я наведваў хворых, як ва ўласных дамах, так і ў бальніцы. 
 
Калі прыехаў у Браслаў 12 гадоў таму, шукаў хворых, якіх неабходна было б наведваць па дамах. А праз два гады ў гарадской бальніцы з'явілася капліца, і былы пробашч кс. Лешак Вітвіцкі SDS даручыў мне там апекавацца хворымі. 
 
Цяпер у нашай бальнічнай капліцы святая Імша адбываецца кожную нядзелю і ва ўрачыстасці ў 16.30. Калі маю магчымасць, то перад святой Імшой іду па палатах, запрашаю на літургію, кажу, што, калі хто хоча прыняць святыя сакрамэнты, ‒ можа цяпер у палаце. Іду таксама да хворых у бальніцу, калі родныя ці сам хворы просяць аб гэтым (асабліва спяшаюся ў такіх выпадках у рэанімацыю). Таксама ў капліцы і ў палатах удзяляю сакрамэнт намашчэння хворых. Калі ўваходжу ў палату, то размаўляю з усімі, каб даведацца, хто католік, а таксама каб з усімі прывітацца, сказаць добрыя словы. 
 
У доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў святая Імша адбываецца кожную сераду ў 11.00, пасля якой іду да католікаў у іх пакоі. 
 
Таксама каля 20 асобаў наведваю раз на месяц у іх дамах. Гэта тыя хворыя і састарэлыя, якія не могуць самі прыйсці ў касцёл, але жадаюць скарыстацца з сакрамэнту пакаяння, Эўхарыстыі і намашчэння хворых. Добрым спосабам, каб наладзіць кантакт з хворым чалавекам з'яўляецца душпастырскае наведванне вернікаў (каляда). Часта гэта бывае момантам маёй першай сустрэчы з хворым. 
 
Наведваю таксама аддзяленне кругласутачнага знаходжання для інвалідаў і састарэлых у Барунах. Там раз на месяц цэлебрую святую Імшу і сустракаюся з хворымі. Тут таксама ўдзяляю сакрамэнт намашчэння хворых. 
 
‒ Дапамагаць хворым - дастаткова цяжка псіхалагічна і духоўна. Адкуль чэрпаеце сілы? 
 
‒ Сілу дапамагаць хворым я чэрпаю ад Хрыста: ад маёй прысутнасці перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, малітвы словам Божым і ад прыняцця сакрамэнтаў. 
 
‒ Дайце калі ласка, некалькі парадаў тым, хто перажывае цяжкія хваробы, а таксама іх родным. 
 
‒ Вось некалькі парадаў для ўсіх хворых:
  1. Неабходна каб крыж быў каля ложка цярпення і хваробы (на адлегласці працягнутай рукі). Каб можна было ўзяць крыж у рукі, паглядзець на яго і пацалаваць.
  2. Ахвяраваць свае пакуты, з'яднаўшы сябе з церпячым Хрыстом. І таму крыж Хрыста павінен быць побач. А з'яднанне з Хрыстом будзе ў малітве і ў прыняцці святой Камуніі. Варта прыняць праўду пра тое, што хворы церпіць не адзін, але з ім церпіць Хрыстус.
  3. Часам хворыя думаюць, што хвароба і цярпенне з'яўляецца карай за грахі. Пан Езус не грашыў, але таксама цярпеў. Хвароба і цярпенне для нас ‒ гэта таямніца: чаму я? І поўны сэнс людского цярпення адкрые нам Бог у вечнасці. Хвароба і цярпенне ‒ гэта таксама адзін са спосабаў, праз які Бог хоча давесці чалавека да збаўлення. Пакутуючы чалавек, прыняўшы свае цярпенні, можа ў Бога шмат выпрасіць. 
Парады тым, хто апякуецца хворымі: 
  1. Першая парада звязана з тэкстам паслання Папы Францішка на сёлетні Сусветны дзень хворага, які будзем адзначаць 11 лютага 2018 г. Паміраючы на крыжы, Езус пакінуў свайму Касцёлу місію апекавацца ўсімі людзьмі, у тым ліку і хворымі. Чалавек, які апякуецца хворым, выконвае волю Хрыста і мае ўдзел у місіі святога Хрыстовага Касцёла. Апека над хворым з'яўляецца асаблівым пацвярджэннем любові да другога чалавека. Мая парада заключаецца ў тым, каб людзі, якія апекуецца хворымі, пра гэта памяталі.
  2. Каб не баяліся прапанаваць хвораму запрасіць святара, каб прыняць святыя сакрамэнты, асабліва прыняць Хрыста ў сваё сэрца. 
Часам чую ад людзей, што калі святар прыходзіць у дом хворага, то чалавек ужо памірае. Гэта памылкова. Таму што Езус праз паслугу святара хоча падмацаваць хворага, каб ведаў, што ён не адзін, каб чалавек адкрыўся на праўду аб вечным жыцці. 
 
‒ Можа, хацелі б яшчэ пра штосьці сказаць? 
 
‒ Хацеў бы дадаць словы ўдзячнасці кіраўнікам усіх медыцынскіх установаў нашага горада і раёна, дзе я, як святар, магу наведваць хворых і састарэлых, маліцца з імі. 
Касцёл жыве Эўхарыстыяй, і мая справа занесці Хрыста тым асобам, якія прагнуць Бога, але праз нямогласць ці хваробу не могуць дайсці да святыні. 
 
‒ Дзякуй за размову і за ваша служэнне! 
 
Святлана Жылевіч