27 студзеня ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла адзначаецца ўспамін Юрыя Матулевіча. Благаслаўлёны з'яўляецца заснавальнікам Кангрэгацыі Сясцёр Служак у Эўхарыстыі, якія працуюць у нашай парафіі.
Гэты дзень ‒ добрая нагода падзякаваць Богу за сясцёр эўхарыстак, якія аддана служаць Богу і людзям праз паслугу ў сакрыстыі, катэхезацыю дзяцей, моладзі і дарослых.
"Давайце вучыцца жыць у Божай прысутнасці, давайце быць напагатове да выканання Божых планаў, і малітва затопіць нашыя душы. Найвышэйшая прыступка святасці - умець заўсёды і ўсюды, у любых абставінах, падчас кожнай працы, сярод розных людзей жыць з Панам Богам, яднацца з Ім, мець Яго ў сваім сэрцы, знікаць у Ім, радавацца і цешыцца Ім, шукаць Яго, да Яго ўзнімацца, любіць - а не толькі ў капліцы, калі мы кленчым і прамаўляем малітвы", ‒ так казаў благаслаўлёны Юры Матулевіч.
Кангрэгацыя Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі - гэта манаская супольнасць, якая цалкам прысвяціла сябе малітве і апостальскай дзейнасці ў Касцёле. Заснаваў супольнасць благаслаўлёны Юры Матулевіч, які ў 1923 г., калі з'явіліся эўхарысткі, быў Віленскім біскупам.
Стварэнне кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак было абумоўлена патрэбамі дыяцэзіі. Пасля Першай сусветнай вайны ўзнікла неабходнасць пашырэння рэлігійнай адукацыі сярод людзей і адраджэння рэлігійнага жыцця. Месцам заснавання кангрэгацыі стала Друя. 
Нягледзячы на цяжкасці, сёстры праз некаторы час ужо распачалі працу і ажыццяўлялі харызмат, вызначаны ім заснавальнікам: займаліся навучаннем хрысціянскаму жыццю і выхаваннем дзяцей і моладзі ў каталіцкай веры, а таксама пашырэннем сакрамэнтальнага жыцця, асабліва эўхарыстычнага, ва ўсіх асяроддзях.
Падчас Другой сусветнай вайны невялікая група сясцёр вяла катэхетычна-місіянерскую працу на савецкай тэрыторыі. Сёстры, якія пасля заканчэння вайны і новага падзелу дзяржаўных межаў засталіся на тэрыторыі Савецкага Саюза, перажылі гады цяжкіх выпрабаванняў: яны былі выгнаныя з законнага дому, вымушаныя вандраваць, цярпець голад і холад. Афійцыйна супольнасць не існавала. Калі манаскае жыццё было ліквідавана, сёстры атрымалі загад разысціся, аднак яны засталіся вернымі свайму пакліканню і вялі супольнае жыццё ў маленькіх групах. Ва ўкрыцці яны займаліся катэхізацыяй, рыхтавалі дзяцей і дарослых да сакрамэнтаў, дапамагалі арыштаваным святарам, апекаваліся імі падчас хваробы, займаліся гаспадаркаю, даглядалі касцёлы. На працы сярод свецкіх людзей законніцы давалі сведчанне веры, сумленнасці і служэння бліжнім.
Дэвіз кангрэгацыі "Усё для Хрыста і праз Хрыста" натхняе ўсё жыццё і дзейнасць сясцёр.
 
Паводле матэрыялаў Catholic.by