Першы нумар часопісу "Ave Maria" за 2018 год прысвечаны тэме кахання і любові да бліжніх. У матэрыяле "Гэтая нялёгкая любоў" яго аўтар Ірына Жарнасек распавядае пра складанасці, а разам з тым важнасць служэння нашых сясцёр (цяпер с. Ганны Мізавец) у Браслаўскім абласным дзіцячым супрацьтуберкулёзным цэнтры.
Поўнага тэксту матэрыялу, на жаль, у інтэрнэце няма, але часопіс вы можаце набыць у парафіяльным кіёску насупраць касцёла. Прыводзім некалькі вытрымак з гэтага матэрыялу, які, думаецца, будзе не толькі пазнавальным для нашых парафіянаў, але ў большай ступені карысным духоўна.
"Кожную суботу а 10-й гадзіне адбываюцца сустрэчы сястры Ганны з падлеткамі. Кожную суботу сястра Ганна спяшаецца на тыя сустрэчы, старанна падрыхтаваная да новай размовы. Тэмы іх самыя розныя. Ці ўмеем будаваць адносіны з людзьмі? Як навучыцца выходзіць з канфліктных сітуацый? Што такое агрэсія і як яе перамагаць у сабе? Ці варта падтрымліваць зносіны з агрэсіўнымі людзьмі? Хто для мяне з'яўляецца аўтарытэтам?
Размовы адбываюцца ў клубе санаторыя. Падлеткі прыходзяць на іх разам з выхавацелямі.
Католікаў сярод падлеткаў звычайна бывае няшмат, але гэта зусім не перашкаджае размове, бо сястра Ганна ад самага пачатку не ставіць перад сабой задачы абавязкова прывесці юнака альбо дзяўчыну ў касцёл. Яна, як  і яе папярэдніца - сястра Таццяна Гмыза, якая да нядаўняга часу, калі служыла ў Браславе, наведвалася ў санаторый, бачыць сваю задачу ў тым, каб сеяць у гэтыя зраненыя, змучаныя бязвер'ем душы зернейкі дабра, веры, любові. Проста сеяць. З надзеяй на тое, што некалі, магчыма, тыя пасевы прарастуць, а потым і закаласяцца (…). 
(… ) Таму сустрэчы сясцёр эхарыстак з жыхарамі санаторыя нельга назваць звычайнымі катэхетычнымі заняткамі. Сястра Ганна распавядае ім пра Божую любоў ненавязліва, каб не адштурхнуць сваіх суразмоўцаў. Але, абмяркоўваючы нейкую жыццёвую сітуацыю, яна прывядзе раптам прыклад з Бібліі. І тады на тую складаную жыццёвую сітуацыю можа зусім неспадзявана праліцца Божае святло…
А з некаторымі трэба часам пагутарыць асобна - і раз, і другі, і трэці. Пагутарыць, а пазней, ужо ў кляштары, памаліцца за гэтага чалавека, даверыць яго Таму, Хто можа змяніць ягонае сэрца… (…).