З 28 снежня па 1 студзеня ў швейцарскім горадзе Базэлі праходзіла міжнародная экуменічная сустрэча Тэзэ. Прыняць удзел у ёй пажадалі і пяць асоб з нашай парафіі. Сваімі ўражаннямі з намі дзеліцца Ганна Рышкевіч.
Напэўна, большасць з вас чула пра супольнасць Тэзэ, якая з'яўляецца міжнароднай экуменічнай манаскай супольнасцю братоў. Галоўная іх ідэя - малітва аб адзінстве хрысціянаў. Браты разам працуюць, маюць сваю малітоўную вёску Тэзэ ў Францыі, рэалізуюць шмат цікавых праектаў, пра якія можна даведацца ў інтэрнэце. Адным з найбольшых праектаў з`яўляюцца моладзевыя сустрэчы, якія паказваюць важнасць дыялогу і талерантнасці паміж хрысціянскімі канфесіямі. Браты штогод (пачынаючы ад 1978 г.) арганізуюць еўрапейскія міжнародныя экуменічныя сустрэчы моладзі. Гэтыя сустрэчы заўсёды адбываюца напрыканцы года (з 28.12 па 1.01) у розных краінах Еўропы. У гэтым годзе адбылася 40-я сустрэча Тэзэ ў Базэлі (Швейцарыя), якая сабрала 25 тысяч маладых людзей. 
 
Сярод гэтай вялікай колькасці людзей было каля 500 беларусаў, а сярод іх − і моладзь з нашай браслаўскай парафіі, якая была далучана да полацкай групы. Шлях Браслаў - Базэль складае больш за 1880 кіламетраў, каля двух дзён у аўтобусе; і гэта толькі ў адзін бок. З поўнай адказнасцю можна назваць яе мужнай пілігрымкай. Наш шлях праходзіў праз Варшаву, Ліхэнь, Дрэздэн, Прагу і Чэнстахову. Праўда, толькі з некаторымі з гэтых гарадоў мы мелі час пазнаёміцца. 
Асабіста для мяне такая міжнародная сустрэча моладзі з'яўляецца адным са спосабаў "падзарадкі акамулятару веры". Такія масавыя сустрэчы даюць адчуць маладому чалавеку, што ён далёка не адзін у сваёй веры, у сваіх поглядах, у сваёй малітоўнай практыцы, тым больш гэта важна, калі твая рэлігія не з'яўляецца дамінуючай у тваёй краіне. Уявіце сабе, што вы сядзіце сярод 25 тысяч такіх самых хрысціянаў і разам слухаеце Евангелле, разам спяваеце адну песню (часцей за ўсё на лаціне) − гэта вельмі прыгожа і ўзнёсла! Менавіта за гэтым я і ехала ў Базэль, каб адчуць сябе часткай нечага вялікага, каб пра гэта не забыць. Я ўжо была на сустрэчы Тэзэ ў Празе, дзе і адкрыла для сябе тое, пра што напісала, таму на гэты раз добра ведала, чаго чакаю, і што чакае мяне.
 
Сама ж сустрэча ў Базэлі, як і ўсе іншыя сустрэчы Тэзэ, была вельмі дакладна спланавана, пачынаючы ад лагістычных момантаў (дзе паставіць каля тысячы атобусаў) і да самых дробязяў (якая песня прагучыць на ранішняй малітве ў суботу). Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў інфармацыю з раскладам дня, транспарту, адрасоў, канферэнцый, малітоўнымі тэмамі дня і г.д. Прыймаючая краіна абавязваецца таксама размясціць моладзь на начлег па розных парафіях, а парафіі па сем'ях ці школах. Былі арганізаваны таксама два пасілкі штодня для ўсіх удзельнікаў сустрэчы.
 
Так выглядаў наш дзень:
  • сняданак у сем'ях;
  • ранішняя малітва ў прыймаючай парафіі;
  • сустрэча ў малых групах, дыскусія (групы абавязкова міжнародныя);
  • вольны час, магчымасць пазнаёміцца з горадам;
  • атрыманне пасілка (абед, вячэра);
  • малітва з братамі з супольнасці Тэзэ.
Камунікацыя пераважна адбывалася на англійскай мове (надпісы, аб'явы), але падчас малітвы заўсёды гучалі мовы тых краінаў, адкуль прыехала моладзь. Сама малітва праходзіла ў вялікіх залах (спартыўныя арэны, вялікія ангары ці палаткі на некалькі тысяч чалавек).
 
"Я ўпершыню быў на падобнай сустрэчы, шмат разоу чуў пра яе, але ніяк не даводзілася быць, − падзяліўся з намі ўдзельнік з Браслава Юрый Сапель. − У гэтым годзе так склалася, што я не меў планаў на Новы год, а на працы атрымаў крыху вольных дзён, і як тут было не паехаць у Швайцарыю?! Уражанні толькі пазітыўныя: уражвае такая якасная арганізацыя такой шматлюднай сустрэчы, уражвае колькасць маладых людзей, і я не кажу тут толькі пра 20-гадовых, але і значна старэйшых (для мяне гэта важна), уражвае сама малітоўная сустрэча, уражвае добразычлівасць прымаючых і наогул усіх удзельнікаў. Магу з упэўненасцю сказаць, што я яшчэ ніколі не бачыў такой колькасці цвярозай, вясёлай моладзі на святкаванні Новага года! Уразіла і яшчэ адно: павага, з якой да нас, католікаў, ставіліся пратэстанты (у самым Базэлі нас размеркавалі ў пратэстанцкую парафію). Раніцай мы маліліся разам, мы запрашалі іх на нашу Імшу, а яны нас на сваю малітву. Я адчуваў, што не толькі малюся аб еднасці хрысціянаў, але раблю вельмі канкрэтны крок у гэтай справе".
 
Адным словам, гэтыя некалькі дзён (падчас якіх мы сустрэлі і Новы год) атрымаліся вельмі насычанымі духоўна, адкрылі для нас новыя краіны Еўропы з іх добрымі і шчодрымі жыхарамі. 
 
Тэкст: Ганна Рышкевіч
Фота з асабістага архіву Аляксея Крыкуна