Вось і завершылася ў нашай парафіі аднаўленне святых місій. Напрацягу чатырох дзён місіянер рэдэмптарыст айцец Анджэй Ядкоўскі заклікаў вернікаў абудзіць веру, запрасіць Бога ў свае сем'і і прысвяціць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
"Браты і сёстры! Сёння, калі перажываем заканчэнне святых місій, хочам запытаць саміх сябе перад Богам: а што ў маім сэрцы, ці здолеў я хоць бы на крок наблізіцца да Цябе? Ці сапраўды ў маім сэрцы жыве вера і наколькі я давяраю Богу сваё жыццё? Гэтыя пытанні задавайце сабе як мага часцей", − адзначыў місіянер. 
Айцец Анджэй Ядкоўскі падкрэсліў, што сапраўдная, моцная вера звязана з некалькімі пачуццямі: пачуццём бяспекі, з супакоем, надзеяй і любоўю. І нагадаў, што са сваімі праблемамі і цяжкасцямі варта звяртацца да Марыі, якая заўсёды прывядзе да свайго Сына. 
"Браты і сёстры, жывіце верай, бо гэта вельмі важна. Няхай Бог кожнаму з нас дасць моцную веру і мудрасць у штодзённых справах", − завершыў а. Анджэй.
Дзякуем айцу місіянеру за яго паслугу ў нашай парафіі: ў прамовах, цэлебрацыі святой Імшы і ўдзяленні сакрамэнту пакаяння. Няхай Бог адудзячыць, а прамоўленае слова дасць сапраўды багаты плён. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч