У трэцюю нядзелю Адвэнту, 17 снежня, у нашай парафіі распачалося аднаўленне місій. Напрацягу чатырох дзён місіянеры айцы рэдэмптарысты будуць заахвочваць вернікаў узгадаць пра тыя абяцанні, якія яны далі Богу ў мінулым годзе, і заахвоцяць нанова запрасіць Бога ў сваё жыццё.

У першы дзень аднаўлення місій а. Анджэй Ядкоўскі CSSR разам з пробашчам нашай парафіі і ўсімі вернікамі маліўся да Духа Святога, каб адкрыў кожнае сэрца на пачутыя словы і дапамог штодня жыць з Богам.

«Прайшоў больш за год пасля місій. Але, на жаль, грэх нікуды не падзеўся: мы зноў грашым, не выконваем абяцанні, дадзеныя Богу. Мы прызвычайваемся да свайго хрысціянства, і нават да свайго граху. Усё з году ў год здаецца тым самым: святыя Імшы, казанні святароў, наша штодзённасць. Так, само па сабе нічога не зменіцца: неабходна мець жаданне змяніць жыццё і заўсёды запрашаць у яго Бога, − адзначыў а. Анджэй. − Сёння хочам нагадаць сабе пра галоўную праўду: што Бог нас любіць і што ў касцёл прыходзім менавіта да Яго».

У дні аднаўлення місій айцы рэдэмптарысты сустрэнуцца з моладдзю і хворымі (у бальнічнай капліцы), памоляцца за памерлых і благаславяць кожную сям’ю парафіі. Гэтыя набажэнствы дапамогуць яшчэ лепш падрыхтавацца да перажывання свята Божага Нараджэння, каб мы дазволілі Хрысту нарадзіцца ў сэрцы кожнага з нас.

 

Тэкст: Святлана Жылевіч

Фота: Ірына Гайдамовіч