Гэтыя словы святога Якуба мой суразмоўца Тамара Іванаўна Пашкевіч паўтарала неаднойчы. У гутарцы пра справы дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас" у нашай парафіі яго дырэктар не раз звярталася да гэтых важных словаў: калі казала пра свой прыход у "Карытас" і калі хацела заахвоціць іншых парафіянаў часцей дапамагаць патрабуючым.
 
5 снежня адзначаецца Міжнародны дзень валанцёра. Гэта добрая нагода падрабязней даведацца пра справы нашага парафіяльнага "Карытаса" (у якога, аказваецца, сёлета і невялікі, але значны юбілей - 5 гадоў), а таксама заахвоціць усіх жадаючых да ўдзелу ў яго дабрачынных справах.
 
− Тамара Іванаўна, раскажыце, калі ласка, як даўно ў нашай парафіі існуе аддзяленне дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас"? Хто быў ініцыятарам стварэння?
 
− На працягу ўсёй гісторыі хрысціянства Касцёл вядзе дабрачынную дзейнасць. У яго храмах спрадвеку знаходзілі прытулак і дапамогу людзі пакутныя. У гэтым плане і практыка касцёла Нараджэння Маці Божай мае багата прыкладаў. Але пэўная мэтанакіраванасць  рабоце была нададзена ў 2012 годзе, калі тагачасны пробашч парафіі кс. Лешак Вітвіцкі вырашыў мець пры касцёле арганізацыю, якая сістэмна займалася б аздараўленнем дзяцей, арганізацыяй іх вольнага часу, а таксама дапамагала маральна і матэрыяльна тым, хто трапляў у цяжкое становішча. Адбыўся сход, на якім і прынялі рашэнне пра заснаванне дабрачыннай арганізацыі. Неўзабаве пасля гэтага дзейнасць перайшла пад патранаж пробашча кс. Станіслава Мжыглуда, атрымала яго падтрымку і далейшае развіццё. Кожны святар годна служыць Богу і людзям, клапоціцца пра здароўе душ і цела сваёй паствы. Гэты год, напрыклад, мне пашчасціла дапамагаць у дабрачыннай дзейнасці ксяндзу Адаму Квяткоўскаму. Скажу так: дзякуючы яго шчырасці і шчодрасці шэраг браслаўчан змаглі перажыць цяжкія перыяды ў жыцці. Менавіта праз яго паслугу людзі адчулі, што такім чынам Пан Бог паклапаціўся пра іх.  
 
−А якія праекты рэалізуеце ў 2017 годзе?
 
− Сёлета рэалізаваны адзін, але вялікі праект - набыта новае абсталяванне для кухні парафіяльнага дома (на месцы былога хлебазавода). Так склалася, што кожны год парафіяльны "Карытас" адпраўляў за мяжу праз дыяцэзіяльнае дабрачыннае таварыства свае абгрунтаванні пэўных праектаў і меў падтрымку ад еўрапейскіх арганізацый. Так браслаўскі касцёл змог падтрымаць інвалідаў аддзяленя дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра, для якіх абсталяваў сучасную электронную друкарню, у супрацьтуберкулёзным рэабіліатацыйным цэнтры фінансаваў рамонт дзвюх спальняў і пакупку трэнажораў і спортінвентару. Для касцёла былі набыты швейныя машынкі і цяпер тут ёсць магчымасць на месцы шыць ці рамантаваць патрэбны рыштунак (літургічнае адзенне і інш.). Свой унёсак арганізацыя зрабіла і для паляпшэння магчымасцяў дзейнасці касцёльнага тэатральнага калектыву, арганізацыі вялікіх мерапрыемстваў, для чаго набыла ўзмацняльную апаратуру, музычныя інструменты.
З году ў год атрымлівае развіццё праект "Дапамога на адлегласці", які дыяцэзіяльны "Карытас" рэалізуе ў садружнасці з пражскай дабрачыннай арганізацыяй. Пачыналі з дзесяці дзяцей, якім чэшскія сябры ўзяліся аказваць дапамогу. Цяпер іх больш за 70. Гэта дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў.
Але часам даводзіцца чуць, што "Карытас" дапамагае п'яніцам, лайдакам. Што адказаць на гэта? Ніхто не застрахаваны ад магчымых цяжкасцей. І тым больш дзеці не вінаватыя ў праблемах бацькоў. Нас радуе, напрыклад, што старэйшыя дзеці з групы, некалі ўзятых пад патранаж чэшскіх сяброў, паступілі і паспяхова вучацца ў каледжах і ВНУ, сувязь з імі не перапыняецца і сёння. Чэшскі "Карытас" вырашыў дапамагаць ім да таго часу, пакуль тыя не стануць на ногі цвёрда. Ён  дазваляе нам  яшчэ павялічыць колькасць падапечных. Таму будзем удзячныя за падказку сем'яў, якія перажываюць цяжкасці, каб уключыць па аднаму дзіцяці з іх у праект.
І таксама ў гэтым годзе, які і кожны год парафіяльны "Карытас" вывозіў дзяцей на аздараўленне ў Польшчу і Чэхію. І кожны год, дзякуючы намаганням арганісткі Іны Сапун, касцёл атрымлівае гуманітарны груз з Германіі. Сёлета з яго скарысталі каля 300 чалавек і шэраг арганізацый раёна. 
 
− "Карытас" аказвае дапамогу толькі парафіянам ці ўсім жыхарам раёна, незалежна ад веравызнання? 
 
− У статуце міжнароднага каталіцкага дабрачыннага таварыства запісана, што яно аказвае дапамогу тым, хто перажывае цяжкасці, незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці, расы. Гэта правіла абавязковае, і  парафіяльны "Карытас" яго выконвае. Мы працуем у цеснай сувязі з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, аддзелам адукацыі і камісіяй па справах непаўналетніх РАУС. 
Калі чалавек просіць аб дапамозе, не пытаем, якой ён веры. У мінулыя гады падтрымалі многіх. У 2014 годзе, напрыклад, на правядзенне акцыі "Зімовая дапамога" мелі амаль 25 мільёнаў недамінаваных рублёў, на якія 14-ці сем'ям купілі паліва, 9 - вопратку і абутак, 16 - прадукты.
У 2015 годзе аб'ём дапамогі быў яшчэ больш значны. Гэта час, калі наша краіна і краіны Еўропы аказвалі істотную дапамогу жыхарам Украіны, што ўцякалі з ваюючых рэгіёнаў. За цэнтралізаваныя сродкі прадуктамі дапамаглі амаль 60 сем'ям. Не засталіся ў баку і вернікі парафіі. Прыносілі адзенне, абутак, бытавыя рэчы. Запомнілася настаўніца, якая прынесла новы сталовы сервіз і сказала, хай служыць людзям, чым збірае пыл у шафе.  Нашыя вернікі аддалі перасяленцам і газавую пліту, і халадзільнік, не гавару пра вопратку і іншыя пабытовыя рэчы.
Але і парафіяльная арганізацыя ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца дзеючым у краіне законам. Як і дзяржаўным органам, так і нам неабходна дакументальнае  пацвярджэнне права на атрыманне дапамогі. Разлікі вядуцца толькі праз банк безнаяўным шляхам.
 
− У якіх выпадках можна да вас звяртацца?
 
− Тады, калі чалавек, сям'я  трапляе ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Прасіць аб дапамозе не павінна быць сорамна.  Нават у самых высокаразвітых краінах ёсць тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе. Між тым няўпэўненасць і нават сарамлівасць цяжка пераадольваюць нашыя людзі. Часцей па дапамогу могуць звярнуцца тыя, хто сам яшчэ здольны справіцца з сітуацыяй. І ледзь не сілай трэба абуваць і апранаць тых, хто знаходзіцца на мяжы беднасці. 
Па дапамогу ў касцёл пастаянна прыходзяць тыя, хто вярнуўся з месц пазбаўлення волі, за падтрымкай звяртаюцца педагогі з просьбай дапамагчы сем'ям, дзеці з якіх трапілі ў сацыяльна-небяспечнае становішча. За апошнія гады можна прывесці дзясяткі прыкладаў таго, як парафія дапамагла прывесці ў парадак кватэры і дамы, апранула і абула дзяцей, купіла прадукты… Гэты "груз" атрымліваецца таксама вельмі важкім, у "фарміраванні" яго ўдзельнічалі не толькі католікі, а і праваслаўныя, стараабрадцы - людзі спагадлівыя і нераўнадушныя да патрэб іншага чалавека. Усім ім, нашым дабрадзеям, вялікі дзякуй. За час свайго ўдзелу ў дабрачыннай дзейнасці ніводнага разу не сутыкнулася з тым, каб не дапамаглі, адмахнуліся кіраўнікі арганізацый, прадпрымальнікі, людзі больш ці менш заможныя. Так праз рукі, учынкі розных людзей рэалізуецца бязмежная Божая любоў да чалавека.
 
У складаных жыццёвых сітуацыях людзі могуць звяртацца да мяне па тэлефоне:
+375 33 675 12 14  Тамара Іванаўна.
 
Разам з тым хачу зазначыць, што  магчымасці дапамогі некалькі зменшыліся. Еўропа перажывае крызіс эканомікі, мае свае праблемы з наплывам мігрантаў з Бліжняга Усходу, аддае перавагу рэгіёнам, дзе адбываюцца ваенныя канфлікты. Дзякуй Богу, наша краіна жыве пад мірным небам. І многія пытанні мы можам вырашаць уласнымі сіламі. 
 
− Раскажыце, калі ласка, ці запланаваны дабрачынныя акцыі на Адвэнт, Божае Нараджэнне? 
 
− Калядная ёлка з салодкім сталом для дзяцей адбудзецца абавязкова. Але хацелася б, каб як і ў мінулыя гады падарыць радасць на Божае Нараджэнне дзецям, якія ў гэты час знаходзяцца на лячэнні ў райбальніцы, праведаць жыхароў дома-інтэрната. Усё будзе залежыць ад таго, наколькі адгукнуцца на гэтыя патрэбы нашыя парафіяне (ахвяраваныя рэчы, прысмакі можна складаць у кош перад алтаром). 
 
− Ці дастаткова ў вас валанцёраў? У чым яны дапамагаюць?
 
− Парафіяльны "Карытас" − гэта добраахвотнікі, якія працуюць на прынцыпе валанцёрства. Іх колькасць залежыць ад патрэбы на той ці іншы час. Ёсць касцяк сталых людзей, далучаюцца да валанцёрства і маладыя, якія прыходзяць на змену тым, што паехалі на вучобу - шчырая падзяка і пажаданне поспехаў ім. Чым дапамагалі? Праводзяць конкурсы, святы, удзельнічаюць у падрыхтоўцы свята, прысвечанага Валадарцы Азёраў, збіраюць і раздаюць рэчы. Вучацца самі прымаць любоў Госпада і дзеляцца ёй з іншымі. З усведамленнем гэтага і з'яўляецца ўнутраная патрэба дапамагаць іншым. Напэўна, менавіта такім шляхам людзі становяцца валанцёрамі.
Шчыра кажучы, так было і са мной. Шмат гадоў таму, калі пасля перыяду ваюючага атэізму я вярнулася ў касцёл, аднойчы ў размове святар параіў мне расці ў веры. Тады я падумала: "Веру і дастаткова. Куды яшчэ расці?" Разуменне прыйшло з часам. Наведванне святыні ў нядзелю і святы яшчэ не вера. Трэба вучыцца прымаць любоў Бога і дзяліцца ёю з іншымі. 
 
− А як можна яшчэ дапамагчы справам "Карытаса", акрамя валанцёрства?
 
− Яшчэ раз адзначу, што "Карытас" − адкрытая арганізацыя: гэта ўсе тыя, хто хоча дапамагчы іншаму і дапамагае. Мы будзем удзячныя і за прынесеныя рэчы, цацкі, за ахвяры ў скарбонку, што стаіць у канцы касцёла, за ідэі. Скажу так: мае чалавек  жыданне правесці конкурс, арганізаваць пілігрымку ці экскурсію - калі  ласка. Узгаднім намер з пробашчам і калі ён будзе ім адобраны − разам возьмемся  за справу. Дабро трэба чыніць тут і зараз, а не толькі думаць ці гаварыць пра яго - у апошнім  выпадку яно і называецца  па-іншаму − помысел. 
Заахвочваю вас да гэтага таксама словамі святога Якуба: "Вера без учынкаў мёртвая". Трэба проста дапамагаць і ўдзячнасцю за гэта стане ціхая радасць, якой напоўніцца душа. Таму, калі ласка, больш ініцыятывы і жадання зрабіць штосьці добрае для іншага. Спяшайцеся рабіць дабро, бо жыццё такое хуткацечнае. 
Тамара Іванаўна, дзякуй вам і вашым аднадумцам за вялікія справы міласэрнасці, якія вы робіце! Дзякуй за сведчанне сапраўднай хрысціянскай любові! Няхай Бог вам аддудзячыць!
 
Гутарыла Святлана Жылевіч
 
Даведка: "Карытас" - у перакладзе з лацінскага  "міласэрнасць, любоў ахвярная". Так называе сябе дабрачыннае каталіцкае таварыства, якое дзейнічае амаль у 200 краінах свету. Мэта арганізацыі - практычная рэалізацыя хрысціянамі-католікамі сацыяльнага служэння, гуманітарнай дапамогі тым, хто перажывае цяжкое матэрыяльнае становішча незалежна ад яго нацыянальнасці, веравызнання, мовы.