Напярэдадні Адвэнту, у суботу 2 снежня, у нашай парафіі прайшоў хрысціянскі баль. Вечарына сабрала вернікаў розных узростаў і пакаленняў, а таму яшчэ лепш адчувалася атмасфера братэрства і радасці ў Хрысце.
На нашых землях традыцыя запустаў дастаткова даўняя: яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай праводзіліся балы перад пастамі, каб пасля не праводзіць гучных забаваў, а засяродзіцца на духоўнай падрыхтоўцы да святаў. Праўда, само слова "запусты" часцей выкарыстоўваецца ў адносінах да свята перад Вялікім пастом, а вось перад Адвэнтам звычайна святкуюць "Андрэйкі": за некалькі дзён да яго адзначаецца ўспамін святога Андрэя. 
Ужо другі год запар ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі запрашае ўсіх жадаючых на хрысціянскі баль, каб разам, як адна вялікая сям'я сустракацца не толькі ў касцёле, але і мець магчымасць пазнаёміцца бліжэй. Баль - гэта свята танца, жывой музыкі рознага жанру, свята радасці і добрага настрою. Ксёндз Уладзімір паклапаціўся не толькі пра музыку, але і прапаноўваў прысутным разнастайныя конкурсы, а сястра Ганна Мізавец разам з моладдзю вучыла інтэграцыйным танцам. У такія моманты ўзгадваліся словы святога Аўгусціна, якія былі абраны дэвізам вечара: "Чалавек, навучыся танцаваць: інакш анёлы на Небе не будуць ведаць, што рабіць з табой". 
Вярнуцца ж дадому можна было на парафіяльным мікрааўтобусе. Каб у нядзелю з добрым настроем і адноўленымі сіламі распачаць новы дзень з Богам. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч